Рускія турысты зноў у Мінску. Але некаторыя пайшлі не ў Zara, а па вышыванкі!

06/09/2022 - 14:23
"З дваццаці расіян, якія здымалі ў мяне жыллё, адкрыта падтрымліваў вайну адзін чалавек" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Расіяне пачалі масава ехаць у Беларусь у жніўні, расказвае Еўрарадыё на ўмовах ананімнасці прадпрымальнік са сферы гасціннасці. Ірына (імя змененае) кажа, што ў канцы вясны яе кватэрны фонд прастойваў, а пад канец лета забранявана было 95% жылля.

Частка гасцей — звычайныя турысты, людзі, "якія за два гады каранціну згаладаліся па ўражаннях". Яшчэ частка — тыя, для каго Беларусь — транзітны пункт на дарозе ў Еўропу. Але наша суразмоўніца пры засяленні распытвае сваіх гасцей не толькі пра тое, "якая мэта іх візіту", але і пра стаўленне да вайны.

— З дваццаці чалавек толькі адзін сказаў, што падтрымлівае "спецаперацыю". З іх у аднаго — "усё неадназначна". Гэта нам кажуць, што ўсе расіяне за вайну, але вынікі майго асабістага апытання паказваюць іншае, — расказвае Ірына.

 

"І тут яны пачынаюць плакаць проста ў пярэднім пакоі"

За гады працы ў сферы гасціннасці ў Ірыны з'явіліся пастаянныя кліенты. Многія з іх у першыя ж дні вайны напісалі ёй: гэта — трагедыя.

"А калі я загаварыла пра вайну з дзвюма жанчынамі гадоў шасцідзесяці, яны пачалі плакаць проста ў пярэднім пакоі" / pixabay

Новым гасцям Ірына задае пытанні акуратна: не пытаецца ў лоб "пра спецаперацыю", а рэкамендуе гасцям, напрыклад, унікаць ваеннай сімволікі. Адзін з турыстаў, пачуўшы такую рэкамендацыю, абурыўся: "Сімволіка спецаперацыі? Я што, падобны да вар'ята?"

— А калі я загаварыла пра вайну з дзвюма жанчынамі гадоў шасцідзесяці, яны пачалі плакаць проста ў пярэднім пакоі. Вы ўяўляеце? Яны проста расплакаліся. Яны гэтаксама, як і мы, не спалі ў першыя ночы вайны, яны гэтаксама не маглі адарвацца ад экрана і ад навін. Яны казалі мне: мы гэтага не выбіралі, мы не хацелі гэтай вайны!

Некаторыя расіяне едуць "транзітам" да сваякоў, якія жывуць у Еўропе. Так, немаладая сямейная пара гэтым летам ехала праз Мінск у Германію, каб наведаць дачку.

— Калі мы гаварылі пра вайну, іх твары былі проста чорныя. Я ім пажадала знайсці дзесьці ў свеце кавалачак свайго раю. А гэтыя людзі перадпенсійнага ўзросту адказалі, што іх рай быў унутры іх участка, за брамкай іх дома, у коле іх сям'і. А што ім рабіць цяпер? Эміграваць услед за дачкой? Заставацца ў Расіі? Дзе іх рай? Яны адчуваюць сябе як страчаныя дзеці.

З двух дзясяткаў жнівеньскіх гасцей Ірыны адкрыта вайну падтрымлівала толькі адна маладая дзяўчына.

Кіеў / фота Кіеўскай гарадской адміністрацыі

— Вось яна была сапраўднай фашысткай. Маладая, але неразумная. Можа быць, нават не такі ўжо і дрэнны чалавек. Проста вельмі недалёкі. Яе мама — украінка, сама яна нарадзілася ва Украіне. Але гаворыць прапагандысцкімі штампамі. Абураецца тым, што Расію называюць агрэсарам. Я ёй тлумачу: але Расія і ёсць агрэсар.

У выніку я прапанавала скончыць размову пра вайну, інакш нам давялося б развітацца. Я ўсё ж засяліла гэтую дзяўчыну, узяла яе грошы, але потым яшчэ доўга думала, што варта было адмовіць ёй у найме жылля.

 

"Людзей гатовыя дыскрымінаваць за рускі пашпарт"

Гэтай вясной Ірыну здзівіла палітыка сэрвісу Airbnb, які раней прытрымліваўся палітыкі недыскрымінацыі, а цяпер фактычна адмовіўся ад кліентаў, якія жывуць у Расіі. Наша суразмоўніца мяркуе, што сваёй палітыкай у дачыненні да расіян і беларусаў Airbnb парушае ўласныя правілы.

Пашпарт грамадзяніна РФ / Scanpix

З сакавіка гэты сэрвіс згарнуў працу ў Расіі і Беларусі: пошук проста перастаў выдаваць вынікі для гэтых краін. А потым Airbnb наогул забараніў тым, хто знаходзіцца ў Расіі, браняваць жыллё за мяжой. Ірына ўпэўненая, што так сэрвіс парушае свой галоўны прынцып, якому быў адданы многія гады, — палітыку недыскрымінацыі.

— Раней гэты прынцып быў відаць у кожным радку правілаў Airbnb. Самае галоўнае — недыскрымінацыя — па нацыянальнай, па палавой, па ўзроставай прыкметах. Але цяпер выходзіць, што людзей гатовыя дыскрымінаваць за тое, што ў іх — рускі пашпарт.

Аднойчы Ірыне давялося прасіць прабачэння ў Airbnb менавіта за дыскрымінацыю. Платформа палічыла, што яна некарэктна адказала госцю, які паставіў нізкую ацэнку яе кватэры. Ірына параіла кліенту наступным разам не выбіраць кватэру эканом-класа — або "проста сядзець у сябе ў Цвяры". Airbnb заблакаваў яе акаўнт. Ірыне давялося прасіць прабачэння і ў госця, і ў платформы.

— І ўсе беларусы, якія працуюць у сферы гасціннасці з Airbnb, прывыклі да еўрапейскіх стандартаў камунікацыі. Але цяпер атрымліваецца, што той жа сэрвіс гатовы дыскрымінаваць насельніцтва цэлай краіны.

Праз патрабаванні пазбавіць усіх расіян і беларусаў віз я цяпер пераасэнсоўваю тэму стаўлення і да нас, і да іх з боку Еўропы і самой Украіны. Улезла ў некалькі фэйсбучных спрэчак, спрабавала растлумачыць, што ні беларусы, ні расіяне не могуць голымі рукамі спыніць вайну. Крыўдна, што гэтага ад нас патрабуюць людзі, якія і самі маюць гістарычны досвед дыктатуры.

 

"Зніжкі ў Zara мы няхутка ўбачым"

Ірына кажа, што зніжкі ў Zara мы ўбачым яшчэ няхутка: турысты ўсё скупляюць і без зніжак. Але тут жа дадае, што цікавасць расіян да шопінгу і беларускіх банкаў, у якіх яны могуць адкрыць карты міжнародных плацежных сістэм, усё ж крыху перабольшаная.

Мінск / pixabay

— У іх ва ўсіх ёсць карты "Мир", якія працуюць у Беларусі, яны да іх прызвычаіліся. Хоць часам у Мінску гэты "Мир" не спрацоўвае. Адзін мой кліент узяў у арэнду электрасамакат і не мог скончыць паездку, таму што сэрвіс адхіляў аплату па карце "Мир". Давялося прывязаць сваю карту, каб ён змог вярнуць самакат.

Але наогул карты, шопінг — гэта не галоўная іх мэта. Так, расіяне ходзяць па пакупкі ў "Дану", так, яны ходзяць у "Макдоналдс". Але ў асноўным яны проста хочуць з'ездзіць адпачыць у іншую краіну, і Беларусь — адна з нямногіх даступных.

"Хто прыязджае? Тыя самыя сем'і з дзецьмі, якія прыязджалі раней. Толькі раней ездзілі пагуляць па Мінску, а цяпер — пагуляць па Мінску і заадно па карткі і рэчы", — расказвае Еўрарадыё іншы прадпрымальнік, які займаецца здачай кватэр у арэнду.

Для тых, хто хоча ў Беларусь менавіта на шопінг, ёсць цэлыя шоп-туры. Але такія турысты спыняюцца звычайна ў гатэлях, а не здымаюць прыватныя апартаменты. Месцы ў шоп-туры звычайна распрададзеныя, расказвае нам адзін з тураператараў.

Шоп-тур у Беларусь прадаюць з пазнакай "актуальная навінка сезона". Турыстам прапануюць пражыванне ў чатырохзоркавым гатэлі, прывітальны кактэйль і "ўсе ўлюбёныя брэнды" — ад H&M і Zara да Michael Kors і Karl Lagerfeld. Тур кароткі — усяго чатыры дні.

Мы пагаварылі з агентам Наталляй, якая прапануе расіянам такія туры.

— Працую ў турызме 18 гадоў, і апошнія 10 гадоў я штогод адпраўляла ў Беларусь на лячэнне дарослых і дзяцей. Сама была ў вашай цудоўнай краіне чатыры разы. Раней у асноўным усе туры дзяліліся на два асноўныя напрамкі — лячэнне ў санаторыях і экскурсійныя.

Але цяпер, калі з расійскага рынку сыходзіць шмат сеткавых марак адзення, трэцім кірункам і сталі так званыя шоп-туры. Па сутнасці, гэта такі самы экскурсійны тур, які ўключае ў сябе размяшчэнне ў Мінску, абыходную экскурсію па Мінску і вольны час на шопінг.

У групе звычайна ад 10 да 40 чалавек. Наталля кажа, што ахвотныя адправіцца ў такі тур ёсць заўсёды. Цікава, што на шопінг расіян зазываюць не толькі ў Мінск. Мы знайшлі аб'яву, у якой прапаноўвалася паездка ў Віцебск, па жаданні — экскурсія ў домік-музей Марка Шагала. І — шопінг у ГЦ "Піраміда"!

 

"Хочам хадзіць па Маскве ў вышыванках"

Ірына, вядома, пытаецца ў гасцей і пра ўражанні ад Мінска. І пра шопінг ва ўмоўнай "Дане" пытаецца таксама. Маўляў, ну што, у Zara схадзілі?

Zara / Aurelijus Valeiša

Сярод яе гасцей былі дзве маладыя дзяўчыны, якія сапраўды прагуляліся па беларускіх крамах. Але пайшлі не ў Zara, а на пошукі вышыванак!

— Я ў іх пытаюся: дзетачкі, навошта яны вам? Адказваюць: хочам іх насіць дома, у Маскве і Калінінградзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі