Румбуціс: Наша праблема, што мы балеем толькі за паспяховых, а трэба за сваіх

06/07/2016 - 16:00

Заробкі футбалістаў у сярэдніх клубах Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі знізіліся да ўзроўню літоўскіх — 700-800 еўра. Такая сітуацыя павінна прымусіць каманды навучыцца зарабляць грошы. Такое меркаванне вядомы футбольны спецыяліст Людас Румбуціс выказаў у жывым эфіры Еўрарадыё. У сваю чаргу кіраўнік праекта Tribuna.com Максім Беразінскі адзначыў, што раней, калі заробкі былі раздзьмутыя, трэба было накіроўваць грошы на больш разумныя рэчы і рабіць тое, чым займаліся ў Ісландыі, дзе будавалі манежы і палі.

Слухаць размову цалкам:

 

Румбуціс: "У Ісландыі на першым плане адукацыя маладых гульцоў, а не нацягванне на вынік. А ў нас цяпер вельмі часта так, што нашы дзіцячыя школы павінны даваць вынік".

"У зборнай Беларусі на ўзроўні цяпер толькі Калачоў, яшчэ Мартыновіч. А астатнія дзе гуляюць? Цяпер рэальна ў нас няма людзей, але гэта не азначае, што мы не можам гуляць, як ісландцы. Такія вынікі дасягаюцца не толькі за кошт таго, што ёсць нейкія людзі. Патрэбны лідар. Паглядзіце на капітана ісландцаў: дзе ён толькі не быў на полі?! Ён толькі на трыбуну не забег, але забег бы, калі б спатрэбілася".

 

"Мы не можам скапіраваць сабе ісландскую сістэму. Мы ўжо капіявалі бразільскую, аргенцінскую, нямецкую… Трэба мець сваю сістэму, якая возьме ад усіх самае лепшае, у тым ліку і ад ісландцаў".

"Наша праблема ў тым, што мы балеем толькі за паспяховых. БАТЭ выйграла ў “Баварыі” — мы ўсе каралі, мы ўсе дапамагалі выйграваць. А прайграла — ну, што гэта за футбалісты такія… Трэба балець не за паспяховых, а за сваіх".

 

Беразінскі: "За апошні час цяпер самы трывожны старт нашых каманд у Еўракубках. Шмат пытанняў па БАТЭ".

"Зараблянне на Лізе Еўропы — гэта міф. Зарабляць можна на Лізе чэмпіёнаў. А што можа зарабіць Тарпеда-БелАЗ, калі за стартавы раўнд яны могуць атрымаць 200 тысяч долараў, пры гэтым тысяч 100 яны патрацяць на пералёт, размяшчэнне… І калі яны падпішуць легіянераў, якім давядзецца плаціць заробак да канца года, грошай ім не хопіць".

"Сёння бюджэт для мінскай каманды ў 500-700 тысяч долараў — гэта ўжо нармальна. Раней літоўцы глядзелі на Мікалюнаса, які гуляў у "Шахцёры", што ё-маё, яму там плацяць такія грошы! У Літве толькі ў “Жальгірысе” можна было столькі атрымаць, ды і тое на 40% менш".

 

"Не “Крумкачы” такія моцныя. Узровень чэмпіянату падраўняўся".

"Па заробках футбалістаў мы выйшлі на тое, што, у прынцыпе, і павінна быць. Цяпер заробкі ў гульцоў у Літве і Беларусі падраўняліся і сталі аднолькавыя — 700-800 еўра ў футбалістаў сярэдніх каманд. Калі самі не зарабляем грошы, то яно так і будзе. Гэта справядліва. Такая сітуацыя павінна прымусіць навучыцца зарабляць грошы".

"У нас спазніліся са столлю заробкаў. Раней, калі заробкі былі раздзьмутыя, трэба было накіроўваць грошы на больш разумныя рэчы. Тое, чым займаліся ў Ісландыі, дзе будавалі манежы, палі, а не спускалі гэта ўсё ў кішэні сярэдніх футбалістаў, якія праз раз трапляюць па мячы".

"Дыскваліфікацыя Іванова? З грубасцю трэба змагацца. Я не кажу, што гэта правільна. 7 гульняў — гэта вельмі шмат. Але я б зрабіў так: калі я траўмаваў чалавека, я роўна столькі матчаў не гуляю, колькі ён лечыцца. Тады б было правільна".

 

"За краіну гуляюць сэрцам, за клуб гуляюць за грошы"

"Сітуацыю з назвай “Белыя крылы” для футбольнай зборнай выратаваў Алег Хаменка, які надаў гэтаму сэнс. Але я ўсё адно не разумею, як гэта можа быць прымененае да футбола: гэта не вельмі зручна выгаворваць каментатарам, незразумела, як гэта візуалізаваць… Хаця, увогуле, ідэя правільная сама па сабе".

"Калі б толькі нейкі слоган дапамагаў камандзе, то давайце іх прыдумляць штодня! Калі б мы выйшлі на Еўра, то слоганы бы прыдумлялі на кожным кроку, кожны другі б сядзеў і абмяркоўваў нашу зборную… Трэба працаваць і гуляць з сэрцам. Нельга браць прыклад са зборнай Расіі, калі мяхі з грашыма ходзяць па полі і даказваюць усім, што яны зборная".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі