Румас не збіраецца зноў выбірацца на пасаду старшыні федэрацыі футбола

11/09/2017 - 20:45

Сяргей Румас не збіраецца зноў выбірацца на пасаду старшыні Беларускай федэрацыі футбола. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю газеце “Прессбол”. Але падаваць у адстаўку цяпер Румас не будзе. Да справаздачна-выбарчай канферэнцыі, якая выбярэ новага старшыню, яшчэ больш за год.

“Падаць у адстаўку было б для мяне сёння самым лёгкім рашэннем, — кажа Сяргей Румас. — Сысці і засяродзіцца на працы ў Банку развіцця, у дрэваапрацоўцы, якую нам перадалі. Але лёгкія рашэнні не заўсёды слушныя. Я не хачу перакрэсліць усё, што зроблена нашай камандай за гэтыя гады. Ёсць шэраг праектаў, якія мне важна давесці да канца. У тым ліку і стварэнне спартыўнага [тэле]канала”.

Румас адзначыў, што два тэрміны на пасадзе старшыні федэрацыі — гэта “дастатковы перыяд”. Ён перакананы, што ў кіраўніцтва АБФФ “павінны прыйсці новыя людзі”.

Сяргею Румасу 47 гадоў. Ён — ураджэнец Гомеля. Старшыня праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь (з 2012-га), быў намеснікам прэм’ер-міністра (у 2010-2012 гг.). АБФФ кіруе з красавіка 2010 года. Больш падрабязна пра Румаса гл. тут.

Заява Сяргея Румаса пра будучы сыход з АБФФ з'явілася на фоне катастрафічнага выступлення нацыянальнай футбольнай зборнай Беларусі і крытыкі з боку кіраўніка дзяржавы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі