Рух Някляева "За дзяржаўнасць і незалежнасць!" не зарэгістравалі

17/03/2016 - 13:37

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі рэспубліканскага грамадскаму аб'яднанню "За дзяржаўнасць і незалежнасць!" Пра гэта агенцтву БелаПАН распавёў адзін з ініцыятараў стварэння арганізацыі, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў.

Прычыны адмовы, па словах Някляева, былі фармальнымі. У статуце і пратаколе ўстаноўчага сходу рух быў названы РДАГА "За дзяржаўнасць І незалежнасьць!" А ў спісе заснавальнікаў было напісана "Грамадскае аб`яднанне "За дзяржаўнасць І незалежнасьць!".

"У Мінюсце нібыта не зразумелі, што гэта адна і тая ж арганізацыя, і палічылі спіс заснавальнікаў несапраўдным", — паведаміў палітык. На яго думку, чыноўнікі ўсё выдатна зразумелі і не зарэгістравалі спіс з іншых матываў.

"Усе мы ведаем, хто ў Беларусі ўсіх рэгіструе ці не рэгіструе, саджае ці не саджае. Хоць Някляева, хоць Чыжа", — дадаў Някляеў.

Акрамя Някляева заснавальнікамі руху выступілі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, першы беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты і экс-палітвязень Мікалай Статкевіч, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, палітык і літаратар Лявон Баршчэўскі, а таксама іншыя вядомыя палітыкі, дзеячы культуры, грамадскія дзеячы.

Някляеў не бачыць сэнсу праводзіць новы ўстаноўчы сход, бо аб'яднанне ў Беларусі не зарэгіструюць. Ён плануе зарэгістраваць рух "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі!" як міжнароднае аб'яднанне.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі