Рэжым змагаецца супраць беларускага грамадства і культуры — Ціханоўская

14/10/2026 - 15:08

Сцяпан Стурэйка, Алесь Бяляцкі, Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай

"Пакуль рэжым змагаецца супраць беларускага грамадства і культуры, задача дэмакратычных сілаў — усё гэта захаваць". Пра гэта гэта Святлана Ціханоўская заявіла на мерапрыемстве БДІПЧ АБСЕ, прысвечаным захаванню нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці ва ўмовах аўтарытарызму і ролі моладзі ў беларусізацыі. Мерапрыемства арганізавалі каля 30 краін — удзельніц АБСЕ, якія ўваходзяць у нефармальную Групу сяброў дэмакратычнай Беларусі. 

У дыскусіі таксама ўзялі ўдзел лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, старшыня Беларускага нацыянальнага моладзевага савета "РАДА" Аляксандра Дойніч і дацэнт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сцяпан Стурэйка.

У сваім выступе Ціханоўская гаварыла пра ціск уладаў на беларускую культуру і гістарычную памяць. Яна адзначыла, што беларускія ўлады выкарыстоўваюць адукацыю як інструмент ідэалагічнага кантролю. Гаворачы пра ўзмацненне расійскіх наратываў, яна адзначыла, што на беларускую моладзь стараюцца ўплываць праз прапаганду, адукацыйныя праграмы, школы і культурныя праекты.

Ціханоўская звярнула ўвагу, што дагэтуль нявыкананымі застаюцца рэкамендацыі па захаванні беларускай мовы і культуры, выкладзеныя ў дакладзе Маскоўскага механізму АБСЕ ў 2023 годзе.

"Расія сістэматычна праводзіць палітыку русіфікацыі, асіміляцыі і знішчэння ўсяго нацыянальнага, усяго беларускага. З дапамогай Лукашэнкі яны спрабуюць ператварыць беларусаў у паслухмяных, лаяльных людзей, а ўрэшце — у расіян.

Але я ганаруся, калі бачу, як маладыя людзі ў Беларусі запісваюць TikTok-відэа па-беларуску, ствараюць відэа для YouTube, адкрываюць для сябе беларускую мову і культуру. Гэта дае мне вялікую надзею", — заявіла лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі