Джулі Фішэр
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі бачыць пагрозу ў дзейнасці праваабаронцаў, лічыць прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр. Яна пракаментавала ў Twitter закрыццё апошніх праваабарончых арганізацый.
5 кастрычніка Вярхоўны суд ліквідаваў праваабарончую арганізацыю "Прававая ініцыятыва". І ў той жа дзень Мінскі гарадскі суд прыняў рашэнне пра закрыццё праваабарончай арганізацыі "Звяно". Прадстаўнікі "Звяна" маюць намер абскардзіць гэтае рашэнне. Гэта апошняя няўрадавая праваабарончая арганізацыя, якая засталася ў Беларусі.
"Рэжым зняў з рэгістрацыі апошнюю праваабарончую няўрадавую арганізацыю ў Беларусі, 1 з 275 закрытых з ліпеня", — піша Джулі Фішэр.
Такое стаўленне да праваабаронцаў на фоне злоўжыванняў і жалезнай хваткі ў прававой сістэме паказвае, што ўлада разумее рэальную пагрозу. Яна разумее, "што рэальная пагроза зыходзіць ад тых, хто вядзе хроніку нападаў на грамадзян Беларусі", мяркуе дыпламат.
Джулі Фішэр планавала прыбыць у Мінск у студзені. Але да гэтага часу не можа атрымаць візу.
У лютым яна наведала Вільню і Варшаву. Гэта не спадабалася беларускім уладам. Кіраўнік МЗС РБ Уладзімір Макей, каментуючы тую паездку, заявіў, што ў Мінску хацелі б бачыць амерыканскага амбасадара, але калі ў Джулі Фішэр "ёсць нейкія прадузятасці, звязаныя з уручэннем даверчых грамат, то трэба падумаць яшчэ". Пазней ён яшчэ раз вярнуўся да сітуацыю, удакладніў, што, калі дыпламат "збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут