Рэйтынг ухвалення дзейнасці Трампа ўпаў да рэкордна нізкіх значэнняў

20/05/2017 - 09:47

Рэйтынг ухвалення дзейнасці Дональда Трампа на пасадзе прэзідэнта ЗША апусціўся да рэкордна нізкіх значэнняў з дня інаугурацыі. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, якое зладзіла сацыялагічная служба Ipsos і агенцтва REUTERS.

Як перадае ВВС, апытанне праводзілася з 14 па 18 траўня. Даследаванне паказала, што 38% амерыканцаў падтрымліваюць дзейнасць Трампа, у той час як 56% рэспандэнтаў незадаволеныя яго працай. Яшчэ 6% апытаных сказалі, што не могуць даць адказ.

Толькі 14% рэспандэтаў, якія называюць сябе дэмакратамі, заявілі пра падтрымку Трампа, у той час як 77% рэспубліканцаў усё яшчэ падтрымліваюць яго.  

Зніжэнне рэйтынгу ўхвалення дзейнасці Трампа адбылося на фоне шэрагу публікацыяў у СМІ з абвінавачаннямі ў супрацоўніцтве з Расій. У пачатку гэтага тыдня Washington Post паведаміў, што Трамп дзяліўся “асабліва сакрэтнай інфармацыяй”, калі сустракаўся з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым і расійскім амбасадарам у Вашынгтоне Сяргеем Кісляком. Паводле выдання, узровень сакрэтнасці гэтых звестак настолькім высокі, што іх не падавалі нават саюзнікам ЗША.

Пазней Трамп заявіў, што мае поўнае права дзяліцца канфідэнцыйнай інфармацыяй з Расіяй, каб перамагчы “Ісламскую дзяржаву”.

У пятніцу амерыканскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы заявілі, што прэзідэнт Трамп сказаў расійскім афіцыйным асобам, што пасля звальнення “звар’яцелага” дырэктара ФБР Джэймса Комі ён адчуў, “як цяжар зваліўся з плеч”.

Таксама ў пятніцу Washington Post паведаміў, што адзін з дзеючых высокапастаўленых супрацоўнікаў адміністрацыі Трампа фігуруе ў расследаванні магчымага ўмяшання Расіі ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША. Белы дом адмаўляе гэтыя абвінавачанні і называе іх “фальшыўкамі”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі