"Рэйкавага партызана" асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму

16/09/2022 - 15:20

"Рэйкавага партызана" Сяргея Канавалава асудзілі на 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы. Крымінальную справу ў закрытым рэжыме разглядаў Віцебскі абласны суд (суддзя — Яўген Буруноў). Прысуд быў агучаны 16 верасня. Канавалава прызналі вінаватым у "наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці" і ў "падрыхтоўцы да здзяйснення акта тэрарызму і наўмыснаму прывядзенню ў непрыдатны стан сродкаў сувязі". Суд прысудзіў і штраф — 300 базавых (9600 рублёў).

Сяргея Канавалава затрымалі ў сакавіку сёлета за "падрыхтоўку акту тэрарызму". Ён працаваў на Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі прадпрыемства "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі". Па версіі МУС, мужчына хацеў пашкодзіць сістэмы, якія забяспечваюць бяспеку чыгуначнага руху. У ліпені КДБ унёс Канавалава ў "спіс тэрарыстаў". Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Рух "рэйкавых партызан" у Беларусі быў асабліва актыўны ў пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі