Рэпетытар Яўген Лівянт — пра вынікі тэставанняў, новыя праграмы і Мінадукацыі

26/06/2017 - 14:44

Сёлета на цэнтралізаванае тэставанне запісаліся 92 тысячы чалавек. Большасць прадметаў абітурыенты ўжо здалі. Чым сёлетняе тэставанне адрозніваецца ад мінулагодняга і пра што кажуць вынікі, абмяркоўваем з рэпетытарам, стваральнікам цэнтра “100 балаў” Яўгенам Лівянтам.

Поўная версія размовы:

Цытаты:

“Тэсты стандартныя, яны мала чым адрозніваюцца ад мінулагодніх. Але адна задача аказалася па-за межамі школьнай праграмы. Задача на камбінацыю мнагагранніка і цела кручэння. Але яна ўваходзіць у праграмы ўступных іспытаў. Гэта дзіўна, што ў нас ёсць асобная праграма па матэматыцы ў школе і яшчэ адна праграма для тых, хто паступае ў ВНУ. Аналагічная сітуацыя з фізікай”.

Пра арганізацыю тэставання

“Дзіўная праблема з вадой, якая не вырашаецца шмат гадоў. Чэрвень, спякотна, тэст пачынаецца ў 11 гадзін, а вучні там з 10-й. У нейкіх аўдыторыях дазваляюць са сваёй вадой прыходзіць, недзе замала вады, недзе ёсць вада, няма шклянак. У астатнім арганізацыя прыстойная”.

Пра Мінадукацыі

“Калі я гладжу ў люстэрка, я хачу там пабачыць высокага прыгожага бландзіна, але бачу маленькага, тоўстага мужчыну, які сівее. Вось так мы і абмяркоўваем люстэрка, у якое глядзіць Мінадукацыі. Бо тэставанне — гэта адзіныя ў нашай краіне аб’ектыўныя вынікі сярэдняй адукацыі. Нават IT-кампаніі просяць гэтыя сертыфікаты пры прыёме на працу паказаць. І гэтыя вынікі тэставання не падабаюцца Мінадукацыі, як і мне не падабаецца маё адлюстраванне”.

Пра змену падручнікаў і праграм

“Памяняць праграмы і падручнікі за тры месяцы немагчыма. Калі б цяпер спыталі настаўнікаў, яны б папрасілі не мяняць ні праграмы, ні падручнікі. Бо на гэта патрэбныя гады. А чакаць да 1 верасня добрых праграм, як у нас чакаюць, не варта”.

Пра досвед суседзяў

“Я б звярнуў увагу на Расію і Украіну. Замест таго, каб сварыцца з люстэркам, яны ўвялі адзіны іспыт ― уступны і выпускны. Спісаць там нельга. У нас школамі кіруюць мясцовыя ўлады, яны ж прызначаюць кіраўнікоў школ. А за дрэнныя вынікі тэставання не адказвае ні школа, ні мясцовыя ўлады. А ў Расіі і ва Украіне за дрэнныя вынікі на іспытах адказваюць мясцовыя органы ўлады. Яны зацікаўленыя ў высокіх выніках, а сфальсіфікаваць вынікі нельга. А ў нас вынікі тэставання — адзін з дзесяці крытэрыяў, разам з наведваннем тэатраў, гарачым харчаваннем, наведваннем хакея і гэтак далей”.

“Адна знаёмая распавядала, што да адзінага іспыту ў Расіі іх пачалі рыхтаваць з чацвёртага класа. Трэба аб’ядноўваць выпускныя экзамены з уступнымі. Калі б гэта было асноўным крытэрыем паспяховасці школ, многае ў нас бы змянілася”.

Пры вынікі тэставання

“Сярэдні бал на тэставанні ўжо даўно не агучваюць. У 2008 годзе ён рэзка ўпаў. Пасля па фізіцы ён трымаўся на ўзроўні ад 18 да 19 са 100 балаў. А па матэматыцы — у раёне 20-22 балаў. А цяпер няма афіцыйнай статыстыкі. Цяпер ― нейкі сярэдні бал па школах, гімназіях, ліцэях. А сярэдняга бала па краіне няма”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі