"Рэпарцёры без межаў" зноў унеслі Лукашэнку ў спіс "ворагаў прэсы"

02/11/2016 - 13:21

Праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" зноў уключыла Аляксандра Лукашэнку ў спіс "ворагаў прэсы", інфармуе БелаПАН.

Як адзначае міжнародная арганізацыя, Лукашэнка цяпер хоча інтэгравацца ў міжнародную супольнасьць: ён "згладжвае свой вобраз апошняга дыктатара Еўропы". Тым не менш, дзякуючы Лукашэнку Беларусь можа лічыцца "паркам Юрскага перыяду савецкай эры".

У "Рэпарцёрах без межаў" адзначаюць невялікія палёгкі ў Беларусі ў параўнанні з ранейшай сітуацыяй: выпусцілі палітвязняў, няма такіх затрыманняў журналістаў, як у 2011 годзе (тады затрымалі больш за 100 чалавек). "Але на самой справе нічога не змянілася. Адмовы ў акрэдытацыі, пераслед журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ , Міністэрства інфармацыі зрабіў больш жорсткімі кантроль за распаўсюдам друкаваных СМІ. Робіцца ўсё магчымае, каб кантраляваць інтэрнэт", — адзначаюць праваабаронцы.

Паведамляецца, што ў 2015 годзе журналісты ў Беларусі атрымалі 28 штрафаў за "незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў".

Акрамя Лукашэнкі ў спіс "ворагаў прэсы" трапілі яшчэ 35 палітыкаў і арганізацый. Туды ўвайшлі, напрыклад, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, кіраўнікі Азербайджана, Бангладэш, Бахрэйна, Венесуэлы, Егіпта, Зімбабвэ, Казахстана, Кітая, Сірыі, Турцыі, Чачні, Эрытрэі, а таксама мексіканскі наркакартэль "Лос-Сетас" і групоўка "Ісламская дзяржава".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі