Абяцалі заплаціць крыптай: студэнтка ЕГУ — пра здымкі пратэстаў для прапаганды

27/03/2026 - 17:27

Студэнтка Ганна Бакурава, якую ашукалі прапагандысты / калаж Еўрарадыё

Беларуская прапаганда падманула ўкраінскага студэнта Мікалая Багатыра ў Вільні, наняўшы яго здымаць акцыю на Дзень Волі. Ён думаў, што працу яго папрасілі зрабіць для “Новай газеты. Еўропа”, і прыцягнуў да справы сяброў.

Адна з іх — студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) Ганна Бакурава, якая таксама з Украіны і цяпер вучыцца на другім курсе па спецыяльнасці “Медыя і камунікацыі”.

Супрацоўнікі ЕГУ адмовіліся дапамагчы журналістцы Malanka.Media, але ёй пашанцавала — яна сустрэла Ганну ў холе ўніверсітэта.

“Дзяўчына без пытанняў пагадзілася пагаварыць са мной, каб, як адзначыла яна, змякчыць наступствы таго, што адбылося”, — патлумачыла Еўрарадыё журналістка “Маланкі” Святлана Кубрак.

Ганна не памятае дакладную дату, калі яе папрасілі паздымаць акцыю на Дзень Волі. Пытанняў напачатку ў яе не ўзнікла: кажа, “таму што мы бачылі, што ёсць старонка [сайт газеты. — Еўрарадыё], якая з’яўляецца сапраўднай”.

Студэнты, якія здымалі для фэйкавай "Новай газеты" на акцыі ў Вільнюсе, Ганна — крайняя справа

“Асаблівых патрабаванняў [да відэа]… Ну, галоўнае сказалі, каб былі людзі, каб іх было відаць. Астатніх дэталяў, напэўна, або не было, або не памятаю, шчыра”.

Ганна кажа, што па пытанні здымак з ёй звязаліся са “звычайнага левага акаўнта”.

“Проста было вось як. “Прывітанне”, — і ўсё, пачаў матэрыял скідваць, і ўсё. Як звычайныя сяброўскія зносіны, нічога такога, нейкіх загваздак там, не ведаю, яшчэ чагосьці не было”.

Чаму студэнтка не верыфікавала чалавека і рэсурс, для якога нібыта павінна была здымаць?

“Ну, хутчэй за ўсё таму, што ў нас была ўпэўненасць у тым, што ёсць нейкія даныя, інфармацыя пра саму газету, ну, я асабліва нават не ведаю, як гэта: ці то не падумалі галавой, ці то я не ведаю, як гэта растлумачыць. Але, хутчэй за ўсё, так, з-за няведання і недасведчанасці”, тлумачыць яна.

Западозрылі, але маркераў не было

За здымкі ім паабяцалі заплаціць “не 100 еўра, а менш” — і крыптавалютай. Для маладых людзей гэта таксама не было праблемай, у іх ужо былі крыптакашалькі.

Аб тым, што нешта не так, студэнты пачалі падазраваць яшчэ раніцай 25-га.

“Мы разумелі гэта яшчэ на пачатку дня, але як такіх, ведаеце, маркераў, крытэрыяў, якія, ну, як бы маглі нейкія нашы здагадкі развеяць, ну, як бы і не было, ведаеце”.

Пасля адпраўкі здымкаў яны “ачысцілі абсалютна ўсе фатаграфіі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі