У Салігорску праводзяць эпідрасследаванне ў сувязі з заражэннем гепатытам C

27/03/2026 - 17:00

Медык, ілюстрацыйнае фота / unsplash.com

У Салігорску мясцовы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі праводзіць эпідрасследаванне ў связі з заражэннем гепатытам С, заўважыла выданне "Зеркало".

Жыхарку Салігорска нечакана выклікалі ў паліклініку на аналізы. У сацсетцы TikTok яна расказала, што ў 2025-м яна здавала кроў, і ў той жа дзень лабараторнае даследаванне праходзіў пацыент, у якога пазней выявілі гепатыт С.

"І мне трэба пераздаць аналізы, каб пераканацца, што я не заразілася. Я наогул у шоку. Каб вы разумелі, я ў паліклініку прыходжу раз на год, калі ўжо не магу справіцца. Альбо, як у мінулым годзе — праходзіла медыцынскую камісію вадзіцельскую", — кажа Дар'я.

Гепатыт С — гэта запаленне печані, выкліканае вірусам гепатыту С. Хвароба можа доўжыцца ўсё жыццё і прыводзіць да цырозу або раку печані.

Журналістка "Зеркала" затэлефанавала ў Салігорскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі як занепакоеная грамадзянка, якая ў 2025-м таксама здавала кроў. Там ёй расказалі пра эпідрасследаванне.

"Адпрацоўваюцца тыя даты, у якія чалавек, які захварэў гепатытам, здаваў кроў. Але мы шукаем не тых, каго маглі патэнцыйна заразіць, а крыніцу інфекцыі для гэтага чалавека", — заявілі ў санстанцыі.

Таксама ў санстацыі дадалі, што на момант аказання меддапамогі чалавек, верагодна, не быў інфікаваны гепатытам С. "Для таго, каб гэта вызначыць, мы і праводзім расследаванне", — растлумачылі медыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі