Раўнівы віцяблянін трапіў пад суд за шпіянаж за сваёй знаёмай

02/02/2017 - 09:51

Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы на віцябляніна, які сачыў за сваёй знаёмай па яе размовах па мабільніку.

28-гадовы мужчына пазнаёміўся з 29-гадовай віцяблянкай у сацсетках. Яны пазнаёміліся і нейкі час жылі разам. Але праз некалькі месяцаў дзяўчына заўважыла, што партнёр яе пастаянна кантралюе і пільна сочыць за ёй. Нават пасля расстання раўнівы малады чалавек паведамляў сваёй былой сяброўцы, з кім яна размаўляе па мабільніку і вядзе перапіску. Пачуўшы факты, гаспадыня мабільніка звярнулася з заявай да праваахоўнікаў.

Сакрэт раскрылі супрацоўнікі кампаніі — аператара мабільнай сувязі. Яны паведамілі дзяўчыне, што яна ўжо не адзін месяц па некалькі разоў у суткі просіць дэталізацыю свайго нумара.

Следчыя выявілі, што падчас сумеснага пражывання мужчына таемна ўзяў мабільнік сяброўкі і паставіў свой пароль для доступу ў сістэму "Інтэрнэт-Памочнік" на яе нумар. З кастрычніка 2015 года па студзень 2016-га мужчына больш за 540 разоў атрымоўваў несанкцыянаваны доступ да інфармацыі на мабільніку экс-сяброўкі. Віцяблянін сачыў за ёй нават тады, калі выязджаў у камандзіроўкі ў Шчучынскі раён Гродзеншчыны і Лёзненскі раён Віцебшчыны.

Каб дзяўчына не здагадалася пра падключэнне і актыўнае выкарыстанне функцыі "Інтэрнэт-памочнік", ён часам самастойна папаўняў яе абаненцкі рахунак.

Віцябляніну выставілі абвінавачанне ў несанкцыянаваным доступе да камп'ютарнай інфармацыі, учыненым з асабістай зацікаўленасці, а таксама іншым неправамерным завалоданні інфармацыяй, якая захоўваецца ў камп'ютарнай сістэме, што пацягнула прычыненне істотнай шкоды. Мужчына цалкам прызнаў сваю віну. З яго ўзялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Следчыя накіравалі ліст аператару мабільнай сувязі, каб гэтую паслугу падключалі толькі асабіста абаненту і пры прад'яўленні пашпарта.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі