Ратавальная праграма Захаду ад сусветнага крызісу правальваецца на вачах

12/01/2016 - 15:48

Ужо некалькі дзён працягваецца падзенне коштаў на нафту. 12 студзеня на азіяцкіх біржах гатунак Brent прадавалі за 31,02 долара. На мінулым тыдні цэны страцілі каля 10%, абнавіўшы 12-гадовыя мінімумы. Гэтыя падзеі адбываліся на фоне абвалу кітайскіх фондавых рынкаў.

Ці сведчыць падзенне коштаў на нафту і абвал кітайскага рынку пра падзенне сусветнай эканомікі?

Паводле прагноза агенцтва Bloomberg, краінамі з найбольшым эканамічным заняпадам у 2016 годзе будуць Венесуэла, Бразілія, Грэцыя, Расія і Эквадор. ВУП гэтых краінаў чакае падзенне. Нізкі рост сёлета прагназуецца ў Аргенціне, Японіі, Харватыі, Фінляндыі і Швейцарыі. А шмат хто з гэтых краінаў, яшчэ 5-7 год таму быў лакаматывам сусветнай эканомікі.

10 горшых эканомік свету ў 2016 годзе паводле прагноза Bloomberg.

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што цяпер мы з’яўляемся сведкамі правалу 8-гадовай стратэгіі Захада (у тым ліку МВФ і Сусветнага банка) па ратаванні сусветнай эканомікі ад так званай вялікай рэцэсіі. Галоўная прычына — вельмі грубыя памылкі ў манетарнай палітыцы і неразуменне прыроды грошай — іх зрабілі вельмі таннымі.

“Цяпер мы знаходзімся ў стане, калі танны “кэш” забіў усе рынкі нерухомасці, фондавыя пляцоўкі, рэсурсныя рынкі. З-за гэтага адна за адной, пачынаючы з краінаў, якія развіваюцца (Кітай, Расія, Аргенціна, Бразілія), дзяржавы пачынаюць уваходзіць у рэцэсію”, — кажа эканаміст.

Кітай

На думку Яраслава Раманчука, эканоміка Кітая цяпер церпіць крах. Так адбываецца таму, што мяжа развіцця такой мадэлі ўжо дасягнутая, далей трэба змяняць самі інстытуты развіцця і выводзіць дзяржаву з эканомікі. Ужо цяпер інвестары, якія займаюцца каштоўнымі паперамі ў краінах, якія развіваюцца, выходзяць з кітайскага рынку. У выпадку рэцэсіі цэны на рэсурсным рынку па ўсім свеце будуць зніжацца.

Фота: Reuters

ЗША

Эканоміка ЗША, хоць і з’яўляецца самай канкурэнтназдольнай, ужо з наступнага года можа апынуцца на нулі ці сысці ў мінус. Працягласць рэцэсіі будзе залежаць ад таго, якой мадэлі будуць прытрымлівацца ва ўладзе (кенсіянства, рэйганаўская мадэль або тэтчэраўская).

“Але нават, калі амерыканская эканоміка знізіцца на 25%, то ўсё адно амерыканцы застануцца самымі забяспечанамі ў свеце людзьмі, не ўлічваючы якія-небудзь Манака ці Швейцарыю”, — прагназуе эканаміст і дадае, што калі нават эканоміка ЗША будзе падаць, яна будзе падаць апошняй.

Еўрасаюз

Эканоміка еўразоны ўжо часткова балансуе на мяжы рэцэсіі. Нямецкі экспарт сёлета будзе ў мінусе. А калі нямецкая эканоміка ўвойдзе ў стагнацыю, аголяцца і даўгавыя праблемы Італіі, Іспаніі, Партугаліі і Францыі. На думку эканаміста, калі ЕС не пачне структурных рэформаў, адставанне ад ЗША, а пасля і ад азіяцкіх краінаў, будзе павялічвацца. Таксама магчыма палярызацыя саюза — найбяднейшыя чальцы будуць працягваць бяднець. Але энерцыя ў гэтым утварэнні вялікая, таму і працэсы гэтыя зацягнуцца да 2020 года.

Фота: index2day.com

Беларусь

Калі падзенне расійскай эканомікі складзе -5 — -7%, а бараль нафты будзе каштаваць 20 долараў, гэта негатыўна паўплывае на выкананне бюджэтных дзяржпраграмаў — выплаты заробкаў і пенсій, кажа эканаміст. У такім выпадку падзенне нашай эканомікі можа дасягнуць 5%. У горшым выпадку — да 10%.

“Сярэдні заробак у снежні 2016 года будзе 250-270 долараў. Добра калі 300 (сёння сярэдні заробак складае 350 долараў у эквіваленце — заўв. рэд.). Ну і сярэдняя пенсія ў нас упершыню за многія гады стане менш за 100 долараў”, — прагназуе Яраслаў Раманчук. На яго думку падзенне рэальных даходаў складзе 10-15%.

На стан беларускай эканомікі сёлета будуць уплываць курс расійскага рубля, наяўнасць ці адсутнасць рэгулявання курса беларускай валюты, цэнавае рэгуляванне, поспех перамоваў з крэдыторамі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі