Расійскі пасол: Прынятае рашэнне аб выдзяленні Беларусі крэдыту

27/02/2016 - 06:17

Прынятае рашэнне аб выдзяленні Беларусі крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця. Пра гэта ў пятніцу ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў расійскі пасол Аляксандр Сурыкаў. Паводле яго слоў, "рашэнне дасягнута зараз канчаткова і беспаваротна".

"Спатрэбіцца нейкая колькасць дзён, каб заключыць крэдытную дамову, і пасля гэтага крэдытныя сродкі паступяць у эканоміку Беларусі", — сказаў Сурыкаў. Ён падкрэсліў, што на гэта шмат часу не спатрэбіцца, інфармуе БЕЛТА.

Цікава, што ў чацвер намеснік міністра фінансаў Расіі Сяргей Сторчак казаў, што Расія яшчэ не прыняла рашэння аб фінансавай дапамозе Беларусі і "дыскусія па гэтым пытанні будзе прадоўжана". А старшыня Еўразійскага банка развіцця Дзмітрый Панкін адзначыў, што Беларусь не выканала ўмовы па крэдыце. Эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што насамрэч умовы даўно выкананы, таму пытанне выдзялення крэдыту — палітычнае. Крэдыт неабходны, каб пагасіць іншыя запазычанасці Беларусі.

Як паведамляла Еўрарадыё, крэдыту ад Еўразійскага банка развіцця Беларусь чакае больш за год. Раней гаворка ішла пра 3 млрд долараў, зараз — пра 2 млрд долараў. Беларусь пакуль не змагла атрымаць крэдыт і ад Міжнароднага валютнага фонду.

Суздальцаў: Крэдыту ад Еўразійскага банка для Беларусі не будзе

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі