Расійскі міністр патлумачыў, чаму ўводзіцца забарона на беларускае малако

22/02/2018 - 15:28

Міністр сельскай гаспадаркі Расіі Аляксандр Ткачоў патлумачыў, чаму Рассельгаснагляд часова забараніў увозіць малако і малочную прадукцыю з Беларусі. Па словах расійскага чыноўніка, якія перадае rns.online, сталі больш частымі выпадкі рээкспарту няякаснай прадукцыі праз нашу краіну.

"Я падтрымліваю ўзмацненне кантролю за ўвозам сухога малака і малочнай прадукцыі з Беларусі, бо за апошні час мы бачым факты фальсіфікату і павелічэнне рээкспарту праз Беларусь няякаснай прадукцыі", — заявіў Ткачоў у эфіры тэлеканала "Расія 1".

Таксама міністр паведаміў, што даручыў Рассельгаснагляду распрацаваць методыку выяўлення сухога малака ў малочных прадуктах.

Як паведамлялася раней, адпаведная забарона пачынае дзейнічаць з 26 лютага. Пад яе трапілі малако, вяршкі, сухое малако і сыроватка. 

Тым часам першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч у інтэрв'ю БЕЛТА заявіў, што 26 лютага ў Маскве пройдуць перамовы з нагоды гэтых санкцыяў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі