Расійскі эксперт: Беларусь не зацікаўленая ў далейшай інтэграцыі з Расіяй

26/01/2016 - 15:38

У Маскве вырашылі абмеркаваць будучае ўзаемаадносінаў Беларусі і Расіі. Так канферэнцыю і назвалі — “БелоРусский диалог”. Але па факце дыскусія звялася да мадэлявання будучага Беларусі. Абмяркоўваць яго сабраліся эксперты і палітыкі з дзвюх краін. І ўжо падчас першай панелі “Інтэграцыйны выбар Беларусі” паміж імі выявіліся значныя разыходжанні і непаразуменні.

Вядучы навуковы супрацоўнік Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Алег Няменскі адразу ставіць дыягназ: адносіны Беларусі і Расіі ў плане перспектыў інтэграцыі знаходзяцца ў глыбокім крызісе.

“Мы так і не змаглі знайсці мадэль інтэграцыі Беларусі і Расіі. Тое, што ёсць, ужо спрацавала максімальна, а далей прасоўвацца ўнутры тых інтэграцыйных сістэм, якія былі створаныя, немагчыма. І больш за ўсё незацікаўленыя ў гэтым у Беларусі”, — кажа Няменскі.

І прызнае: мы да гэтага часу не ведаем, як пераадолець прынцыповыя адрозненні ў эканамічнай і палітычнай сістэмах Беларусі і Расіі. Адпаведна, нашы краіны — “немагчыма інтэграваць у прынцыпе”, кажа расійскі эксперт. І папракае афіцыйны Мінск: “Беларусь хацела б мець інтэграцыю інтэграцый: і з Усходам, і з Захадам. І ніяк не зразумее, што гэта ўжо немагчыма”.

Эксперт адзначае, што цяпер Беларусь заняла пазіцыю “чакання”. І прызнае, што гэта правільна, бо сёння ніхто не можа сказаць, чым скончыцца супрацьстаянне паміж Расіяй і Захадам. Ужо сёння Крэмль не здольны ў адпаведнай меры “набываць” лаяльнасць Беларусі, а яшчэ і “ментальна нашы народы аддаляюцца з кожным годам”.

“Я бачу, што беларускае кіраўніцтва ўжо фактычна згубіла моладзь сваёй краіны. З гэтай моладдзю выдатна ўжо даўно працуе Захад па самых розных каналах. Расія з ёй не працуе, і гэта вялікая віна Расіі. І я гляджу, што нават тая частка моладзі, якая лаяльна ставіцца да Лукашэнкі, глядзіць у бок Захаду. І другі момант: тая вайна “рускаму свету”, якую аб’явіў Лукашэнка і пад якую цяпер падладжаны ўвесь беларускі афіцыёз. Гэта вельмі небяспечны момант. Гэта новы фактар — яму ўсяго крыху больш за год, але ён ўжо набыў вельмі сур’ёзныя маштабы. Калі я бачу, як ўвесь беларускі афіцыёз і ўсе праўладныя эксперты змагаюцца з паняццем “рускі свет”, становіцца страшна”, — пужаецца Алег Няменскі.

Расійскага эксперта спрабуе супакоіць беларускі калега з Інстытута краін СНД Юрый Баранчык. Па яго словах, ніякай дэрусіфікацыі ў нашай краіне не адбываецца, бо “на беларускай мове гавораць толькі незамужнія студэнткі педагагічнага ўніверсітэта і частка нацыянальнай эліты. А што да тых жа апазіцыянераў, то ў Магілёве не адзін з іх не аддаў сваё дзіця ў беларускамоўную школу”. Праўда, пагаджаецца, што Расія вядзе “працу” выключна з першай асобай Беларусі, а пра працу з шараговымі жыхарамі краіны забылася. Ну, і жаліцца прысутным, што ён спрабаваў стварыць у Беларусі “еўразійскую арганізацыю”, але Мінюст адмовіў у рэгістрацыі. 

Юрый Баранчык, фота Змітра Лукашука

“Мы не павінны забывацца, што ЕАЭС — аб’яднанне незалежных дзяржаў. І не трэба рост нацыянальнай самасвядомасці інтэрпрэтаваць у антырасійскім рэчышчы”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі