Расійскі Чырвоны Крыж прасіў беларускіх калег узгадняць паездкі на Данбас

01/03/2024 - 11:32

Дзмітрый Шаўцоў

Расійскі Чырвоны Крыж прасіў кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова узгадняць паездкі на Данбас. Інфармацыю пра гэта Радыё "Свабода" атрымала ад "Кіберпартызанаў", якія перадалі выданню падборку дакументаў з паштовай скрыні БЧК.

Ліст з Расіі быў дасланы летась у ліпені — пасля таго, як Шаўцоў наведаў акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, дзе хадзіў у камуфляжнай вопратцы з літарай Z. Старшыня Расійскага Чывонага Крыжа Павел Саўчук у лісце занепакоены тым, што СМІ згадваюць візіт дэлегацыі БЧК, у тым ліку негатыўна.

"Улічваючы шырокі грамадзкі рэзананс, хацеў бы пацвердзіць неабходнасць своечасовага ўзгаднення такіх візітаў з РЧК. Згодна з заканадаўствам Расійскай Федэрацыі тэрыторыі Данбаса, Херсонскай і Запарожскай абласцей з'яўляюцца часткай Расіі. Грунтуючыся на прынцыпе адзінства, БЧК, як і іншым нацыянальным таварыствам, пры планаванні гуманітарных місій на расійскіх тэрыторыях трэба атрымліваць на гэта згоду ў РЧК", — робіць Саўчук вымову беларускаму калегу.

У каментары "Свабодзе" прадстаўніца РЧК Анастасія Тэнэта заявіла: "Гэта ўнутраная перапіска. Дзіўна, як які-небудзь ліст можа выцечы ў публічную прастору. Значыць, вы ўсё маеце па гэтым лісце".

Дзмітрый Шаўцоў адзначыўся не толькі паездкай на Данбас у вопратцы з літарай Z, але і заявамі вываз украінскіх дзяцей і пра ядзерную зброю ў Беларусі. Пасля гэтага Міжнародная федэрацыя Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца запатрабавала яго адстаўкі. Пасля адмовы беларускай федэрацыі яе сяброўства ў міжнароднай арганізацыі было прыпыненае. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі