Расійская прапаганда стварыла сетку сайтаў-люстэркаў супраць блакавання ў Еўропе

15/02/2023 - 13:18
У Еўропе расійская прапаганда "забароненая", але ёй ніхто не процідзейнічае / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Расія амаль паўтара дзесяцігоддзя нарошчвае сваю "мяккую сілу" за мяжой — дакладней, сетку прапаганды. Рупарамі тут з'яўляюцца тэлеканалы RT і парталы Sputnik, якія працуюць на ўсе ключавыя еўрапейскія краіны, а таксама ЗША, Канаду, Японію, Лацінскую Амерыку і Афрыку. Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну праекты было вырашана заблакаваць на тэрыторыі ЕС — улады абмежавалі доступы да сайтаў з дэзінфармацыяй, а пазней зрабілі немагчымай працу звязаных з праектамі юрыдычных асоб.

Але прапагандысцкія рэсурсы па-ранейшаму працуюць і атрымліваюць сваю аўдыторыю ў Еўропе. Расказваем, як ім гэта ўдаецца.
 

Супадзенне? Не думаем

Яшчэ да пачатку новай фазы вайны, у 2021-м, дзяржаўныя расійскія медыяпраекты пачалі рыхтавацца да магчымай працы з "падполля". Пытанні ва ўладаў ужо з'яўляліся і ў дачыненні да "Спутнікаў", і да RT, таму шукаць шляхі абыходу яны пачалі даўно. Напрыклад, пасля блакавання "Спутніка" ў Эстоніі ў 2021-м з'явілася нібыта незалежнае медыя Sputnik пад кіраўніцтвам тых самых людзей, з тым самым дызайнам і той жа павесткай. Былі і спробы абыйсці нацыянальныя санкцыі ў Латвіі.

У красавіку 2022-га з'явілася "люстэрка" і для нямецкамоўнага партала RT. Рэгістрацыйныя дадзеныя, у адрозненне ад англамоўнай, схаваныя, але партал не спрабуе хаваць сваю сувязь з расійскім замежным вяшчаннем. Неўзабаве з'явілася і "люстэрка" для нямецкага Sputnik, але пад іншай назвай — SNA (гэта значыць Sputnik News Agency), з тым жа кантэнтам і дызайнам. І ён дасяжны на тэрыторыі ЕС.

У раскрутцы нямецкамоўных RT і Sputnik дапамагаюць афіляваныя праекты —напрыклад, партал "Anti Spiegel" з наведвальнасцю ў 1,7 мільёна ў месяц і радыё "Kontrafunk", якое афіцыйна з Расіяй ніяк не звязанае, але там працуюць многія былыя супрацоўнікі RT Deutsch, а кіруе ўсім актывіст ультраправай партыі "Альтэрнатыва для Германіі", які сімпатызуе Расіі. Каб зразумець кантэнт такіх праектаў, дастаткова паглядзець апошнія выпускі. "...квір-ідэалогія выкарыстоўвае гомасэксуалаў у палітычных мэтах", — папярэджвае Kontrafunk і прапануе абмеркаваць усе мінусы еўрапейскай палітыкі.

Некалькі простых маніпуляцый дазваляюць захоўваць прысутнасць на розных пляцоўках, напрыклад, у TikTok, дзе афіцыйныя акаўнты "Спутніка" блакаваліся. Акрамя таго, усе — і "люстэркі", і "новыя праекты" расійскіх прапагандыстаў — даступныя ў сэрвісах Google, дзякуючы чаму атрымліваюць новую аўдыторыю.

Атрымліваецца, фармальна рашэнне аб абмежаванні расійскай сеткі дэзінфармацыі ў Еўропе сапраўды выкананае. Але толькі фармальна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі