Расійскага журналіста Івана Галунова пакінулі пад хатнім арыштам

09/06/2019 - 08:59

Расійскага журналіста Івана Галунова, якому напярэдадні выставілі абвінавачанне паводле “наркатычнага” артыкула, пакінулі пад хатнім арыштам. Пасля таго, як суд вынес такое рашэнне, Галунова даставілі ў пастарунак і там праводзілі з ім следчыя дзеянні, у прыватнасці, узялі вопратку на экспертызу. Гэта было зроблена па хадайніцтве адваката. Затым журналіста адвезлі дадому.

Карэспандэнт анлайн-выдання “Медуза” Іван Галуноў працуе ў жанры расследавання. Ён быў затрыманы 6 чэрвеня, а ўчора яму выставілі абвінавачанне ў замаху на незаконны збыт наркатычных сродкаў у буйным памеры. Заведзеную крымінальную справу Галуноў звязвае са сваёй прафесійнай дзейнасцю і лічыць абвінавачанне сфабрыкаваным. Яго калегі і таксама расійскія праваабаронцы мяркуюць, што карэспандэнту маглі падкінуць наркотыкі.

Апошнім часам Іван Галуноў працаваў над расследаваннем аб пахавальным бізнэсе ў Расіі і кажа, што яму паступалі пагрозы.

8 чэрвеня, пасля таго, як стала вядома пра выстаўленае абвінавачанне, журналіста з пастарунка адвезлі ў лякарню на хуткай дапамозе. Медыкі зафіксавалі ў яго шматлікія ўдары і гематомы на патыліцы, падазравалі страсенне мозгу і пералом двух рэбраў. Паліцыя дазволіла адвезці яго ў медустанову толькі пасля выкліку трох брыгадаў хуткай. Але неўзабаве журналіста зноў павезлі ў суд, дзе разглядалі пытанне аб працягу тэрміну яго затрымання. Суд вынес рашэнне пра хатні арышт.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі