На месцы прылёту расійскай ракеты ў Запарожжы
Расіяне мінулай ноччу нанеслі шэсць ракетных удараў па Запарожжы, адна з ракет пашкодзіла шматпавярховы дом у цэнтры горада. У выніку атакі пацярпелі 8 кватэр, кажа кіраўнік Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Юрый Малашка.
"Часткова разбураныя кватэры ў двух пад'ездах дома", — дадае сакратар Запарожскага гарадскога савета Анатоль Курцеў. Паводле яго, ужо вядома пра двух загінулых. Акрамя таго, 4 чалавекі атрымалі раненні, яшчэ трое лічацца зніклымі без вестак. Паводле слоў Малашкі, "жыхароў эвакуявалі ў бяспечнае месца, сагрэлі, аказалі псіхалагічную і іншую дапамогу". На месцы працягваюць працаваць экстранныя службы.
У расійскім Мінабароны са свайго боку паведамляюць пра атаку ўкраінскіх дронаў. Над тэрыторыяй Белгародскай, Курскай абласцей і акваторыяй Чорнага мора было перахоплена і знішчана 28 украінскіх беспілотнікаў, гаворыцца ў зводцы расійскага абароннага ведамства.
Вайну, нагадаем, пачала Расія. 24 лютага 2022 года яна напала на Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут