Расія збіраецца знізіць пастаўкі нафты ў Беларусь

16/06/2016 - 11:22

Расія збіраецца ў трэцім квартале 2016 года крыху знізіць пастаўкі нафты ў Беларусь. Пра гэта ў Санкт-Пецярбурзе на міжнародным эканамічным форуме паведаміў міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак, інфармуе ТАСС. Прычыны такога рашэння ён не назваў.

БелаПАН нагадвае, што з пачатку бягучага года наша краіна рэзка скараціла пастаўкі нафтапрадуктаў у Расію. Іх аб'ём за першыя два месяцы знізіўся амаль удвая (у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года). Пасля гэтага Мінэнерга Расіі папярэдзіла Мінск, што расійскі бок мае права паменшыць аб`ём паставак нафты ў Беларусь у пяціразовым памеры ў дачыненні да аб`ёму беларускага бензіну, які не быў атрыманы.

У беларускім урадзе сітуацыю са зніжэннем паставак нафтапрадуктаў у Расію тлумачылі тым, што продаж "ва ўсходнім накірунку" стаў нявыгадным. Пры гэтым віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка спаслаўся на пагадненне аб стварэнні Еўразійскай эканамічнай саюза, у якім ідзе гаворка пра баланс паліўна-энергетычных рэсурсаў і ўзаемных паставак (яны мусяць ажыццяўляцца па прынцыпе зваротнага рахунку). Дакумент абараняе Беларусь ад паставак паліва сабе ў страту, адзначыў Сямашка.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі