Расія вязе сыравіну з акупаваных тэрыторый, а Беларусь прадае ў ЕС
Беларускае прадпрыемства робіць алей і прадае яго ў ЕС з сыравіны, якую Расія возіць з акупаваных тэрыторый Украіны.
БРЦ сумесна з літоўскім выданнем 15min.lt, латвійскім тэлеканалам TV3, украінскім праектам "Схемы", пры падтрымцы "Кіберпартызанаў", Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі і супольнасці ўкраінскіх хакераў KibOrg падрыхтавала расследаванне, якое пралівае святло на цёмныя схемы беларускіх прадаўцоў алею.
У 2024-м упершыню ў гісторыі Беларусі намалацілі больш за мільён тон насення рапсу.
Пасля пачатку вайны ва Украіне попыт на рапсавы алей моцна вырас у краінах ЕС. Санкцыі не закранулі пастаўкі, і да сярэдзіны 2024 года яго можна было свабодна завозіць у ЕС.
Адзін з флагманаў галіны ў Беларусі — ТАА "Аграпрадукт" з Брэсцкай вобласці — у 2022 годзе рэзка павялічыў экспарт рапсавага алею ў ЕС. Прыкладна ўдвая, калі параўноўваць з 2021-м, пісалі дзяржаўныя СМІ са спасылкай на аблвыканкам.
"Ёсць спецыфічныя ўмовы [размытнення тавару]. Вы не зможаце зрабіць гэта ў Літве. У тэорыі, алей можна завезці ў Літву, але ўзгадненне вельмі складанае. <...> Вам трэба імпартаваць яго ў Латвію або Польшчу. Гэта можна зрабіць, калі ў вас там ёсць кампанія. Там будзе мыта і іншыя нюансы, уключаючы код тавару. Я дэталяў не ведаю, але ёсць рабочая схема, па якой працуюць пэўныя кампаніі".
GEN Cargo, па словах крыніцы БРЦ, са сферы чыгуначных перавозак не толькі абыходзіла літоўскую забарону праз Латвію, але і працягвала пастаўляць тавар "Аграпрадукту" ў краіну наўпрост. У кастрычніку-снежні 2024 года, як паведаміла крыніца БРЦ, літоўская фірма атрымала 177 цыстэрнаў рапсавага алею — гэта каля 10 тыс. тон. Па звестках крыніцы ў LTG Cargo, GEN Cargo за той жа перыяд перавезла 120 вагонаў рапсавага алею ад беларускага пастаўшчыка.
Груз ад "Аграпрадукту" GEN Cargo прывозіць у Клайпедскі порт. Гэта літоўскім журналістам пацвердзіў адзін з супрацоўнікаў тэрмінала. Магчыма, GEN Cargo выконвае толькі функцыю экспедытара для іншай літоўскай кампаніі — дачкі "Літоўскіх чыгунак" LTG Cargo.
У афіцыйным адказе журналістам 15min.lt прадстаўнік "Літоўскіх чыгунак" напісаў, што ў іх даччынай кампаніі LTG Cargo няма прамых дамоўных стасункаў з "Аграпрадуктам", а прадукцыю беларускага прадпрыемства перавозілі іншыя фірмы-заказчыкі.
Таксама ў лісце гаворыцца, што чыгуначная кампанія Літвы пачала ўнутранае расследаванне і часова прыпыніла пастаўкі ад "Аграпрадукту".
Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі атрымала інфармацыю ад сваіх крыніц, што пасля гэтага два вагоны з рапсавым маслам вытворчасці "Аграпрадукту" затрымалі на літоўскай станцыі Кяна.
Вытворцу рапсавага алею "Аграпрадукт" з Украінай звязвае не толькі купля вывезенага з Херсонскай вобласці алейнага насення. Фірму, якая мае да гэтай кампаніі прамое дачыненне, украінскія ўлады абвінавацілі ў дапамозе расійскай арміі.
70% ТАА "Аграпрадукт" належыць беларускай кампаніі "Транзіт-Аўта 2003", якая патрапіла пад санкцыі Украіны 28 студзеня 2023 года за ўдзел у перавозцы расійскай вайсковай тэхнікі.
БРЦ адправіў запыт у кампанію "Аграпрадукт" з просьбай пракаментаваць апісаныя ў расследаванні факты, аднак на момант публікацыі адказу не атрымаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут