Расіяне маглі забіць украінцаў, якія хацелі здацца ў палон — амбасадар ЗША ў ААН

28/04/2022 - 08:25
Расійскія вайскоўцы ля Валнавахі ў Данецкай вобласці / Reuters

У Злучаных Штатаў ёсць "дакладныя доказы", што расійскія вайскоўцы пакаралі смерцю ў Данецкай вобласці ўкраінцаў, якія спрабавалі здацца ў палон.  Пра гэта заявіла спецыяльны амбасадар ЗША па пытаннях міжнароднага правасуддзя Бет Ван Шаак на пасяджэнні ААН.

"Цяпер у нас ёсць дакладная інфармацыя пра тое, што расійская вайсковая часць, што дзейнічала ў ваколіцах Данецка, пакарала смерцю ўкраінцаў, якія спрабавалі здацца, замест таго, каб узяць іх пад варту", — цытуе яе выданне The Hill.

Яна таксама адзначыла, што, "калі гэта праўда, то гэта было б парушэннем асноўнага прынцыпу закона вайны" — забароны на пакаранне смерцю цывільных і ўдзельнікаў ваенных дзеянняў, якія капітулявалі. Пакаранні смерцю могуць папоўніць спіс ваенных злачынстваў Расіі, адзначае выданне.  

"Наша простае пасланне расійскаму ваеннаму і палітычнаму кіраўніцтву і радавым такое: свет назірае, і вы будзеце прыцягнутыя да адказнасці", — падкрэсліла Ван Шаак.

У ЗША раней назвалі дзеянні Расіі ва Украіне "генацыдам". Слова "генацыд" у дачыненні да таго, што адбываецца ва Украіне, раней выкарыстоўвалі іншыя еўрапейскія лідары — прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Напярэдадні такую ж заяву зрабілі і парламентарыі Канады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі