Караткевіч і вавёрка / CC
З праграмы па беларускай літаратуры для 11-га класа знікла назва рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. Яшчэ ў 2021 годзе твор, у якім расказваецца пра падзеі часоў паўстання Кастуся Каліноўскага, прапаноўвалі для вывучэння старшакласнікам.
Цяпер у праграме застаўся для вывучэння раман “Чорны замак Альшанскі”.
Пад выглядам занепакоеных бацькоў мы патэлефанавалі ў прэс-службу Міністэрства адукацыі, але адтуль нас накіравалі ў Інстытут адукацыі. Маўляў, праграмы складаюць там.
— Па школе ходзяць чуткі, што з праграмы прыбіраюць Уладзіміра Караткевіча, — паскардзіліся мы супрацоўніцы інстытута. Скажыце нам, калі ласка, ці праўда гэта, ці чуткі?
— Дык праграмы ж ужо размешчаныя. Што значыць, будуць прыбіраць? Застанецца Караткевіч, — здзівілася суразмоўніца.
— І мы здзівіліся. Проста і мы ў школе чыталі “Каласы” гэтыя, і вы, напэўна ж, чыталі…
— “Каласы пад сярпом тваім”, так. Не, ніхто нікуды не прыбіраў. Караткевіч у праграме ёсць.
— Проста раней у праграме канкрэтныя творы былі пералічаныя. І “Каласы пад сярпом тваім” у тым ліку. Цяпер іх няма. Дакладна не прыбіраюць?
— Прынамсі я пра такое не чула. Я канкрэтна праграмамі не займаюся. Таму дасканальныя звесткі я вам не дам. Але пра тое, што Караткевіча здымаюць з праграмы, можаце не хвалявацца — гэта не так. Калі вам вельмі трэба — пакіньце свой нумар, нехта са спецыялістаў, якія складаюць праграму, з вамі звяжацца.
Адна са школьных настаўніц на ўмовах ананімнасці пацвердзіла Еўрарадыё, што “Каласы пад сярпом тваім” сёлета старшакласнікі вывучаць не будуць.
Раман прысвечаны паўстанню 1863 года. У ім фігуруюць у тым ліку гістарычныя асобы — напрыклад, Кастусь Каліноўскі і Тарас Шаўчэнка. Паводле некаторых успамінаў, Караткевіч лічыў гэты раман сваім галоўным творам.
У беларускай ідэалогіі апошнім часам ідзе актыўная пераацэнка дзейнасці Кастуся Каліноўскага: яе цяпер ацэньваюць выключна негатыўна. Асабліва стараецца праўладны палітолаг Вадзім Гігін (цяпер дырэктар Нацбіблітяэкі) і гродзенская "інфаказачка" Вольга Бондарава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут