Рачкоўскі спадзяецца, што пераканае Лукашэнку не ламаць хакейную сістэму

05/09/2016 - 19:27

Ігар Рачкоўскі спадзяецца, што пераканае Аляксандра Лукашэнку не ламаць хакейную сістэму. Кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі ў інтэрв'ю "Прессболу" пракаментаваў крытычнае выказванне кіраўніка дзяржавы пра нявыхад беларускай хакейнай зборнай на Алімпіяду. Лукашэнка паабяцаў ў бліжэйшыя 2-3 гады навесці парадак у беларускім спорце і ў хакеі, у прыватнасці. Ён анансаваў рэфармаванне сістэмы падрыхтоўкі хакеістаў ды планы "разабрацца" з хакейнымі функцыянерамі.

Рачкоўскі будзе размаўляць з Лукашэнкам, каб пераканаць яго захаваць трэнерскі штаб нацыянальнай зборнай Беларусі ў цяперашнім выглядзе. "Нельга ламаць сістэму, якая толькі-толькі пачынае наладжвацца, — кажа кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі. — ...Трэба даць людзям дапрацаваць, як і запланавана, да 2018-га. Тым больш, што гэты штаб працуе не толькі з нацыянальнай, але і з маладзёжнай і юнацкай зборнымі. А мы, нагадаю, пачынаем кампанію за права правядзення чэмпіянату свету 2021 ці 2022".
 
Паводле яго слоў, "па-сапраўднаму добрая працоўная атмасфера" ў нацыянальнай камандзе толькі пачынае складвацца. І гэты працэс нельга перарываць.

Калі Ігар Рачкоўскі трапіць з дакладам да кіраўніка дзяржавы, пакуль невядома.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі