Пяць задач для міністра адукацыі

15/10/2015 - 16:37

Перад Новым годам Аляксандр Лукашэнка прызначае новага, сучаснага міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова. Былога прарэктара БДУ, навукоўца, доктара навук многія адразу назвалі нетыповым для беларускага чынавенства.

"Ніколі не быў у вертыкалі ўлады і, можа, нешта змяніць у адукацыі", ― выказваліся тады меркаванні. Праз 9 месяцаў падбіваем вынікі працы новага міністра.

1. Праз месяц пасля ўступлення на пасаду падчас онлайн-канферэнцыі на БелТа міністр абяцае:

"Будзем клапаціцца, каб у яго [настаўніка, ― Еўрарадыё] было адпаведнае матэрыяльнае ўзнагароджанне, якое адпавядае жыццю людзей у нашым грамадстве".

На той момант заробак у настаўнікаў быў амаль 5, 7 мільёна, па звестках Белстат. У жніўні ён стаў 5,5 мільёна. Гэта на 3 мільёны менш, чым зарабляюць у будаўніцтве, на 2 менш, чым на транспарце і ў сувязі і на 4 мільёны менш, чым у медыцыне.

2. Ідзем далей. Прэс-канферэнцыя ў студзені:

"Ёсць пэўны пералік прадметаў, якія, несумненна, неабходна выкладаць на беларускай мове. Таму што трэба разумець родную мову, і казаць пра гісторыю Беларусі на іншай мове ― няправільна. Такое наша меркаванне, і мы гэта ўвядзём".

З новага навучальнага года ў школе выкладаюць на роднай мове толькі беларускую мову і літаратуру, за выключэннем гімназій і школ з беларускай мовай навучання. У першаклашак у звычайных школах адзін урок беларускай мовы на тыдзень.

3. Ужо пасля уступлення "з агаворкамі" у Балонскі працэс Міхаіл Жураўкоў абяцае небывалую для беларускай адукацыі дэмакратыю ― выбары рэктараў ва ўніверсітэтах ужо з восені!

"Кандыдат у рэктары павінен будзе прадставіць у Савет універсітэта сваю праграму дзеянняў. Затым Савет універсітэта будзе разглядаць дадзеную праграму, а таксама ўсе прадстаўленыя праграмы кандыдатаў, лепшыя з якіх будуць зацвярджацца саветам і падавацца ў Міністэрства адукацыі. Натуральна, кандыдаты павінны распрацаваць праграму, якая будзе спрыяць развіццю ўніверсітэта ва ўсіх сферах, у тым ліку, адукацыйнай, матэрыяльна-тэхнічнай, навуковай", ― заяўляюць у Мінадукацыі 13 ліпеня са спасылкай на словы міністра.


Сярэдзіна кастрычніка ― ні пра выбары рэктараў, ні нават пра кандыдатаў не чуваць. А ў суседзяў? Рэктараў ужо даўно абіраюць ва Украіне, Польшчы, Літве і часткова ў Расіі.

4. Міхаіл Жураўкоў 26 лютага на пасяджэнні грамадскага студэнцкага савета пры Мінадукацыі:

"Нашы апаненты сцвярджаюць, што ў ВНУ не дастаткова развітае студэнцкае самакіраванне. Кажуць, што студэнтаў не чуюць ні на ўзроўні кіраўніцтва ВНУ, ні на ўзроўні Міністэрства адукацыі. Я перакананы, што гэта не так. Мы хочам даць вам пляцоўку для пошуку адказаў на глабальныя задачы адукацыі. Вызначце самі, якія задачы ва ўніверсітэце вы хацелі б выконваць і на што хацелі б уплываць".

Найбольш студэнты паўплывалі на датэрміновае галасаванне на выбарах прэзідэнта. Да 69% студэнтаў прагаласавала да выбараў на участку, напрыклад, у Тэхналагічным універсітэце ў Мінску, 73,9% ― на участку ва ўніверсітэце імя Скарыны ў Гомелі. А студэнты "паліталогіі" з БДУ баяліся абмяркоўваць выбары з журналістамі.

"Мне праблемы не патрэбныя", ― адказвалі будучыя палітолагі.

Ва ўніверсітэтах не зарэгістравана ніводнай сапраўды свабоднай арганізацыі. У Савеце ўніверсітэтаў ― актывісты праўладнага БРСМ і прафсаюзаў.

5. З дасягненняў новага міністра ― уступленне ў Балонскі працэс з "агаворкамі": абяцаннямі правесці рэформы, каб адпавядаць еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. І пакуль пра гэтыя рэформы не чуваць.

Фота: edu.gov.by

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі