Пуцін вярнуў жахі вайны ў Еўропу — Урсула фон дэр Ляен пра палітыку РФ

23/08/2022 - 09:47
Урсула фон дэр Ляен​ / CNN

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вярнуў у Еўропу "жахі вайны". Украінцы ў гэтай сітуацыі абараняюць каштоўнасці Еўрапейскага саюза. Пра гэта заявіла кіраўніца Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен з нагоды агульнаеўрапейскага Дня памяці ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў, які адзначаецца сёння.  

"Сёння, у 83-ю гадавіну падпісання пакта Молатава-Рыбентропа, гэтая дата мае асаблівае значэнне. Сёлета Пуцін вярнуў у Еўропу жахі вайны разам з напамінам пра тое, што мір нельга ўспрымаць як нешта, што разумеецца само сабой", — заявіла фон дэр Ляен.

Паводле яе слоў, "балючая памяць пра мінулае – гэта не проста далёкі ўспамін, яна знайшла водгук у незаконнай і неапраўданай вайне Расіі супраць Украіны". Урсула фон дэр Ляен таксама адзначыла, што людзі ў ЕС падтрымліваюць украінцаў, якія аддаюць "сваё жыццё, каб абараніць каштоўнасці, на якіх будуецца наш Саюз".

Кіраўніца Еўракамісіі таксама гаварыла пра расійскую прапаганду, якая "скажае гісторыю, распаўсюджвае тэорыі змоў і карае тых, хто ёй супрацьстаіць". У ЕС, паводле яе слоў, маюць намер і далей змагацца з дэзінфармацыяй.

Еўрапейскі дзень памяці таталітарных рэжымаў адзначаюць у дзень падпісання Дамовы аб ненападзе паміж Германіяй і СССР, а таксама сакрэтнага пратакола Молатава-Рыбентропа, які падзяліў Еўропу на сферы ўплыву. Гэта адбылося 23 жніўня 1939 года. Лічыцца, што гэты дакумент падрыхтаваў глебу для пачатку Другой сусветнай вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі