“Прыёрбанк” заблакаваў электронны кашалёк курсаў “Мова Нанова”

15/10/2018 - 15:13

Два тыдні на электронны кашалёк курсаў “Мова Нанова” не паступаюць ахвяраванні. Але гэта не таму, што ніхто не жадае падтрымаць курсы беларускай мовы. Справа ў тым, што “Прыёрбанк” заблакаваў электронны кашалёк курсаў.

Заснавальнік “Мова Нанова” Глеб Лабадзенка абураецца, што “Прыёрбанк” заблакаваў кашалёк “цішком”, хаця было абвешчана, што гэта адбудзецца толькі з 1 лістапада. У якасці сіметрычнага адказу Глеб вырашае закрыць і свой прыватны рахунак у “Прыёрбанку”.

Напрыканцы верасня на падобныя праблемы скардзілася каманда краўдфандынгавай платформы “Талака”. Яны нават збіраліся на некалькі дзён перапыніць працу свайго праекта, каб “пераехаць” да іншага банка. Што адбываецца?

У “Прыёрбанку” адказваюць, што пра рашэнне спыніць эмісію электронных грошай belqi банк аб’явіў яшчэ ў жніўні. Усе кліенты былі папярэджаныя загадзя:

“Для далейшай камфортнай працы мы прапанавалі ўсім жадаючым падключыцца да паслугі інтэрнэт-эквайрынга або да сістэмы АРІП (“Разлік”) праз WEBPAY, — упэўніваюць там. — Таксама ўсім кліентам былі накіраваныя лісты з інфармацыяй пра тое, што іх кашалькi хутка будуць закрытыя. Калі кліент быў супраць, ён мог адказаць на гэты ліст, і мы працягвалі тэрмін да 1 лістапада”.

У банку дадаюць, што папярэджанне аб закрыцці электроннага кашалька “Мова Нанова” было адасланае 4 верасня. Але адказу ад арганізатараў курсаў у банку так і не атрымалі.

У сваю чаргу, Глеб Лабадзенка кажа, што не атрымліваў такога ліста ні на адну паштовую скрыню курсаў. Вядучы курсаў просіць усіх, у каго ёсць магчымасць падтрымаць “Мова Нанова” рублём, пераводзіць грошы на банкаўскі рахунак.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі