Беларускія дзяржорганы прыдумляюць новыя стымулы кантролю над грамадзянамі / Euroradio via Chat GPT
Беларускага падаткаплацельшчыка, які праштрафіўся, выклікалі ў інспекцыю, каб запісаць… пакаяльнае відэа. Пра новую прыніжальную практыку з боку беларускіх улад Еўрарадыё распавёў юрыст і спецыяліст у сферы IT-аўтсорсінгу Сяргей Пінчук.
Што вядома пра нетыповы падыход падаткавікоў?
Як распавядае суразмоўца, нядаўна па яго паслугі па закрыцці індывідуальнага прадпрымальніцтва звярнуўся беларус, які пэўны час не быў на радзіме, а сам жыве ў Мінскай вобласці [горад мы не называем з мэтай бяспекі. — Еўрарадыё].
“Мужчына не з’яўляецца палітычным вязнем, не фігуруе ў спісах экстрэмістаў і нядобранадзейных грамадзян і ўвогуле не мае праблем з уладамі. Ён сказаў, што яму прыйшла паперка з падатковай інспекцыі — патрабаванне аб яўцы для складання адміністрацыйнага пратакола. Пры гэтым нагода пазначана не была. Ён знайшоў свайго знаёмага адваката, і той ужо выйшаў на мяне”, — тлумачыць акалічнасці Пінчук.
Дакументы мужчыны аказаліся ў парадку, падаткі заплачаны, з рахункамі таксама добра — увогуле ўсё нармальна. Трэба было проста патэлефанаваць падатковай інспектарцы і высветліць, што адбылося і чаму не закрываюць ІП.
“Інспектарка ў тэлефоннай размове яму распавяла, што нічога страшнага няма, штраф яму выстаўляць не будуць і ўсё скончыцца вусным папярэджаннем. Але для гэтага трэба, каб мужчына прыехаў і выбачыўся на камеру”.
Пінчук прызнаецца, што для яго падобны выпадак падаўся вельмі дзіўным.
“У сваёй практыцы я ўпершыню сутыкнуўся з тым, каб у такой сітуацыі ад чалавека патрабавалі не проста прызнаць парушэнне і атрымаць папярэджанне, а яшчэ і запісаць нейкае відэа. На гэтым відэа ён павінен сказаць, што прызнае віну і раскайваецца, што больш такога не паўторыцца”.
Навошта інспектарцы спатрэбілася пакаяльнае відэа і дзе яно будзе выкарыстана. суразмоўца не ведае.
“Я пытаюся ў кліента: а што потым будзе з гэтым відэа? Яны будуць яго публікаваць? Ён мне гэтага не сказаў, бо і сам не разумее. Але ў мяне ўзнікае пытанне: навошта гэта ўвогуле патрэбна?
Калі б гэта была звычайная адміністрацыйная працэдура, то ўсё было б проста. Чалавек падпісаў бы паперу, што прызнае віну, атрымаў бы папярэджанне або штраф — і на гэтым усё. А тут жа яму кажуць: прыйдзі ў кабінет, сядзь перад камерай, раскажы, які ты вінаваты, і паабяцай, што больш такога не паўторыцца”.
Гэты выпадак паказальны і тым, на думку Пінчука, што дзяржаўныя органы ўсё часцей спрабуюць знаходзіць нейкія формы ўздзеяння на чалавека, якія не выглядаюць як звычайная адміністрацыйная працэдура.
“І вось гэтае патрабаванне запісваць пакаяльныя відэа — якраз такая гісторыя. Мне здаецца, што гэта яшчэ адзін прыклад таго, як у Беларусі ўсё больш пашыраюцца практыкі, якія выходзяць за межы звычайнай прававой працэдуры і ўсё больш рухаюцца ў бок таталітарнай сістэмы”, — разважае суразмоўца.
Мы звярнуліся па каментарый да адваката, які працаваў па палітычных справах у Беларусі. Эксперт пажадаў застацца ананімным.
Прапанову прыехаць у падатковую інспекцыю і выбачыцца суразмоўца лічыць цалкам непрымальнай.
“Такога няма ні ў адным кодэксе, тым больш у адміністрацыйным парадку. Хутчэй за ўсё, гэта альбо нейкая памылка сувязі, альбо нейкая ініцыятыва на месцы, і не вельмі зразумела, навошта гэта робяць”, — лічыць юрыст.
Раней пакаяльныя відэа выкарыстоўвалі ГУБАЗіК і іншыя сілавыя службы — і гэта было формай рэпрэсій.
“Навошта гэта выкарыстоўваць у адміністрацыйным працэсе, без нейкага працэсуальнага складніка, увогуле не вельмі зразумела”.
Як паводзіць сябе, калі паступіла такая прапанова ад падаткавіка ці іншага дзяржслужбоўцы? Тут эксперт раіць прымаць рашэнне згодна з сітуацыяй, у якой знаходзіцца чалавек.
“Адна справа, калі вы знаходзіцеся ў безвыходнай сітуацыі, вам трэба закрыць гэта ІП, а вы жывяце ў Беларусі. Калі пры такім раскладзе падобнае дзеянне — здымкі пакаяльнага відэа — можа вам неяк дапамагчы, то вырашайце самі, як рабіць”.
Што тычыцца чалавека, які знаходзіцца за межамі Беларусі, то, канешне, на такое ісці не варта. Тым больш калі раней была нейкая пратэсная актыўнасць
“Але зноў жа, такі дысклеймер — складана сказаць. Там [у Беларусі] аўтарытарны рэжым, і ён ужо жыве паводле сваіх законаў, якія вельмі часта не маюць нічога агульнага з прававымі нормамі. Калі чалавек можа неяк сабе дапамагчы і пры гэтым не прадаць душу д’яблу на сто адсоткаў, то гэта яго рашэнне, і мы павінны яго паважаць”, — рэзюмуе эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут