Цэфтрыаксон / media.uteka.ru
У смерці парадзіхі з дзіцем у дзяржынскай бальніцы можа фігураваць прэпарат, які раней забаранялі ў Беларусі.
Як паведамлялася, 26-гадовая цяжарная беларуска памерла ў выніку анафілактычнага шоку. Як піша "Наша Ніва" са спасылкай на людзей, знаёмых з сітуацыяй, жанчыне ўвялі антыбіётык цэфтрыаксон.
Раней гэты антыбіётык ужо трапляў у скандал. У студзені 2017-га толькі за адзін тыдзень было зафіксавана тры выпадкі анафілактычнага шоку ад яго: два школьнікі трапілі ў бальніцу ў цяжкім стане, адна жанчына памерла. У гэтых выпадках выкарыстоўвалі як прэпарат айчыннай вытворчасці, так і замежнай.
Пасля смяротнага выпадку цэфтрыаксон у Беларусі часова забаранілі. Віцэ-прэм'ер Васіль Жарко тады расказаў, што ў 2016 годзе ў краіне зафіксавалі 25 выпадкаў алергічнай рэакцыі на гэты антыбіётык — беларускай, расійскай і польскай вытворчасці. Большасць выпадкаў засталіся невядомымі грамадству. Шырокі розгалас выклікала толькі смерць 27-гадовай парадзіхі ў Маладзечне. За паўгода да яе ў той жа радзільні загінула іншая жанчына — таксама ў выніку анафілактычнага шоку пасля ўведзенага антыбіётыку.
Дарэчы, ва Украіне цэфтрыаксон украінскай вытворчасці забаранялі ў 2019 годзе — таксама пасля смяротнага выпадку.
У выніку ў Беларусі прэпарат усё ж зноў дазволілі выкарыстоўваць. Гэта адбылося ў сакавіку 2017 года.
Як заявілі ў Мінздароўя, пасля смерці ў Дзяржынску рэалізацыя і выкарыстанне прэпарату ў Беларусі прыпыненыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут