Прэзідэнт Венесуэлы адклаў рэферэндум аб сваёй адстаўцы, бо “няма часу”

12/06/2016 - 09:54

Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура абвясціў, што рэферэндум аб яго адстаўцы, які спрабуе правесці апазіцыя, не пройдзе ў гэтым годзе. Паводле Мадуры, на арганізацыю плебісцыту няма часу.

Пры гэтым ён заяўляе, што калі апазіцыя выканае ўсе патрабаванні, то рэферэндум пройдзе налета, перадае ВВС.

У пятніцу Нацыянальны выбарчы савет Венесуэлы абвясціў несапраўднымі болей за 600 тысяч подпісаў, сабраных за правядзенне ўсеагульнага рэферэндуму аб адстаўцы прэзідэнта краіны. Апазіцыя ў адказ абвінаваціла савет у абароне інтарэсаў ураду і спробах зацягнуць з правядзеннем галасавання.

Для абодвух бакоў тэрмін рэферэндуму мае важнае значэнне. Калі яго арганізуюць да 10 студзеня 2017 года і Мадура прайграе, то будуць прызначаныя новыя прэзідэнцкія выбары. Калі ж плебісцыт пройдзе пазней і дзеючы кіраўнік краіны таксама прайграе, то да канца прэзідэнцкага тэрміну, то бок, да студзеня 2019 года, яго абавязкі будзе выконваць віцэ-прэзідэнт.

Апазіцыя падала ў Выбарчы савет каля 1,9 мільёна подпісаў за правядзенне рэферэндуму. Цяпер савет заяўляе, што ўсе 1,3 мільёна венесуэльцаў, чым подпісы былі прызнаныя сапраўднымі, павінны прыйсці на мясцовыя выбарчыя ўчасткі і пацвердзіць сваю асобу. Але на гэта ім дадуць усяго пяць дзён.

Венесуэла цяпер перажывае глыбокі эканамчны крызіс. Гэта звязана са зніжэннем коштаў на нафту і ў цэлым неэфектыўнай мадэллю кіравання гаспадаркай.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі