Прэйгерман: Наўрад ці Расія адрэагуе на 30-дзённы "бязвіз" у Беларусі

24/07/2018 - 17:15

Бязвізавы рэжым для замежнікаў у Беларусі павялічылі з 5 да 30 дзён. Пра тое, што Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ, стала вядома 24 ліпеня. 5-дзённы "бязвіз" для грамадзян 80 краін (абавязковая ўмова — уезд толькі праз Нацыянальны аэрапорт Мінск) дзейнічаў з лютага 2017-га.

Кіраўнік экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўген Прэйгерман у каментары Еўрарадыё кажа, што рашэнне было прынятае пасля доўгіх дыскусій і разважанняў пад уплывам "выключна пазітыўных вынікаў" ад 5-дзённага "бязвізу".

"Я думаю, шмат хто разлічваў, што гэта адбудзецца раней, — гаворыць Прэйгерман. — Таму што сезон летні, калі замежнікі могуць прыехаць у нашы розныя санаторыі і прафілакторыі, ён ужо пачаўся. Але, тым не менш, да гэтага часу абмяркоўвалася". Відаць, улады чакалі заканчэння чэмпіянату свету па футболе ў Расіі і таго, калі хваля заўзятараў спадзе.

Прэйгерман: "Чаму на 30 дзён?.. Абмяркоўвалася папярэдне не толькі на 10 ці 14 дзён, але гучаў і 21 дзень (міністр спорту і турызму гаварыў пра 15-20 дзён. — Еўрарадыё). Але напэўна тут ужо па прынцыпе таго, што калі ўжо ўсё добра працуе, то навошта шмат разоў да гэтага вяртацца. Так ці інакш 30 дзён — гэта такі можна сказаць стандарт. Таму што ён у іншых краінах існуе менавіта ў такім выглядзе — 30-дзённым. Так што хутчэй за ўсё ўсе гэтыя аргументы разам склаліся і было прынятае такое рашэнне".

У свой час на ўвядзенне Беларуссю 5-дзённага "бязвізу" Расія адрэагавала даволі нервова. А чаго чакаць цяпер? Яўген Прэйгерман лічыць, што тады рэакцыя Масквы была звязаная не з колькасцю дзён, а з самым фактам, што Беларуссю было прынятае такое рашэнне. Але ўжо працяглы час ідуць на гэты конт перамовы.

"Таму наўрад ці варта чакаць такіх рэакцый, якія былі раней, — кажа эксперт. — Калі не ўлічваць нейкія маргінальныя сродкі масавай інфармацыі і рэсурсы, якія так ці інакш у Расіі пра гэта пісаць будуць. Але я думаю акрамя гэтага тут усё нармальна".

А ці варта чакаць нейкай рэакцыі Бруселя? "Пажадана было б у якасці кроку ў адказ нейкі большы пазітыў па тых знакавых палітычных пытаннях, якія ў апошнія гады "падвісаюць", — кажа Яўген Прэйгерман. — Гэта тычыцца найперш візавых пытанняў, патэнцыйнай дамовы пра візавую лібералізацыю. Зразумела, што "тармажэнне" ідзе менавіта з еўрапейскага боку". У любым разе у Мінска з'явіўся невялічкі аргумент у дыялогу з Еўрасаюзам.

У паведамленні прэс-службы кіраўніка дзяржавы адзначаецца, што рашэнне аб павелічэнні "бязвізу" мусіць садзейнічаць развіццю турыстычнай галіны, эканомікі, узмацніць пазіцыю нашай краіны "як зручнай пляцоўкі для арганізацыі міжнародных форумаў, канферэнцый, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў".

Прэйгерман: "Я спадзяюся, што ўсе выйграюць. Гэта рашэнне, якое ідзе на карысць усіх".

Яўген Прэйгерман

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі