Прэс-сакратар БПЦ: Мітрапаліта Паўла няправільна зразумелі наконт "іншага Бога"

02/02/2018 - 14:25

СМІ няправільна зразумелі выказванне мітрапаліта Паўла пра "іншага Бога" ва ўніятаў. Насамрэч, гэта была метафара, якую кіраўнік Беларускай Праваслаўнай царквы выкарыстаў, каб абараніць праваслаўных, якія ходзяць у касцёл, ад падазрэнняў ва "ўніятызме". Пра такую заяву прэс-сакратара БПЦ айца Сяргея Лепіна паведамляе "Белсат".

Як распавядала Еўрарадыё, у тэлеэфіры 27 студзеня мітрапаліт Павел абмяркоўваў сітуацыю, калі праваслаўныя вёскі Бярозаўкі ў Віцебскай вобласці ходзяць у касцёл, бо бліжэйшая царква далёка. З гэтай нагоды кіраўнік БПЦ заявіў: "Адзін будынак выкарыстоўваюць і праваслаўныя, і каталікі. Але гэта ні ў якім разе не з’яўляецца нейкай уніяй. Задача ўніятаў — сказаць, што ў нас адзін Бог. Выбачайце, дык у нас не адзін Бог, сябры мае. У вас свой Бог, бо вы па-іншаму ў Бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаеце. Бог сапраўды адзін, але ў карпарацыі свой бог, у нейкі сектанцкай арганізацыі — свой. Яны да нашага агульнага Творцы і Госпада ніякага дачынення не маюць. Госпад жа ў Евангеллі казаў: "У вас чэрава — Бог, у вас мамона — Бог". У язычнікаў жа таксама ідал — бог. Але для нас, праваслаўных, гэта цацанка. Гэтак жа і ўніяты".

Заява пра "розных багоў" у праваслаўных і ўніятаў выклікала шырокі розгалас у СМІ і грамадстве.

"Канечне, Бог — адзін, і ні ў кога няма свайго ўласнага, асабістага кішэннага "бога": ні ў праваслаўных, ні ў католікаў, ні ў каго-небудзь яшчэ", — запэўнівае прэс-сакратар БПЦ.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі