Прэм'ер Польшчы прапануе стварыць камісію па расследаванні падзей у Бучы

04/04/2022 - 09:41
Горад Буча пасля адыходу расійскіх войскаў / AFP

Польшча выступіла з прапановай стварыць міжнародную камісію па расследаванні падзей ва ўкраінскім горадзе Буча.  Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі.

Ён назваў генацыдам тое, што адбылося. Камісія, якая зоймецца расследаваннем гэтага злачынства, мусіць "складацца з юрыстаў, лекараў, крыміналістаў – спецыялістаў, якія змогуць апісаць усё вельмі дакладна".

Тым часам у Расіі працягваюць настойваць, што здымкі з Бучы — гэта правакацыя.  Акрамя таго, кіраўнік расійскага СК Аляксандр Бастрыкін даручыў пачаць крымінальную справу ў дачыненні да мэра Дняпра Барыса Філатава ў сувязі з яго заклікамі забіваць расійцаў.

Нагадаем, у ноч на 3 красавіка ў сетцы і СМІ пачалі з'яўляцца фота з Бучы. На вуліцах былі відаць целы загінулых грамадзянскіх людзей. У некаторых былі звязаныя рукі.  Акрамя таго, мэр Бучы Анатоль Хведарук расказаў агенцтву Франс прэс, што "ўжо пахавалі 280 чалавек у брацкіх магілах".

Пра адну брацкую магілу ў Бучы — на тэрыторыі храма Андрэя Першазванага і ўсіх святых — вядома, што яе пачалі ствараць яшчэ ў раёне 10 сакавіка. Гэта выявілі журналісты пасля аналізу спадарожнікавых здымкаў амерыканскай кампаніі Maxar Technologies. Расійскія войскі пакінулі Бучу, нагадаем, 30 сакавіка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі