Акцыя памяці каля народнага мемарыяла Аляксандра Тарайкоўскага / Reuters
Аляксандр Тарайкоўскі — першы афіцыйна загінулы падчас жнівеньскіх пратэстаў у Беларусі. Адбылося гэта ўночы з 10 на 11 жніўня ў раёне станцыі метро "Пушкінская", на другі дзень актыўнага супрацьстаяння сілавікоў і пратэстоўцаў. Мы сабралі ўсё, што вядома пра Аляксандра Тарайкоўскага і яго смерць.
Аляксандру Тарайкоўскаму было 34 гады. Індывідуальны прадпрымальнік, вырабляў аўтамабільныя шторкі, зрабіў сайт hober.by. Па словах сяброў, "не хацеў працаваць на дзяржаву, каб яна яго абкрадала". З жонкай жыў грамадзянскім шлюбам, выхоўваў трохгадовую дачку.
"10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі. Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць, — расказвае ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" Алена, жонка Аляксандра Тарайкоўскага. — Даведаўся, што там збіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў кватэру бацькоў, дзе яны рабілі рамонт, у тым раёне. Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт яго ў мяне.
Каля 22:30 Саша патэлефанаваў і сказаў, што ідзе дадому. З гэтага моманту мы не мелі ніякіх звестак, шукалі яго ў бальніцах і базах затрыманых".
У 23:43 10 жніўня ў афіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы МУС з'явіўся допіс пра тое, што "каля 23.00, у ходзе масавых беспарадкаў у Мінску на вул. Прытыцкага, [...] адзін з пратэстоўцаў спрабаваў кінуць неўстаноўленую выбуховую прыладу ў бок праваахоўнікаў. Яна выбухнула ў руцэ, мужчына атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыццём".
Алена даведалася пра гібель мужа ад журналістаў увечары 12 жніўня. Ужо на наступны дзень яна патэлефанавала ў Следчы камітэт, дзе цела Аляксандра да таго часу лічылася неапазнаным.
На той момант было апублікавана некалькі відэа з "Пушкінскай", на якіх Алена змагла апазнаць свайго мужа.
Падчас апазнання жанчына звярнула ўвагу на тое, што рукі і ногі Аляксандра Тарайкоўскага цэлыя:
"Разам са следчым мы паехалі на апазнанне ў морг. Там я зразумела, што гэта Саша. На целе ў яго няма пашкоджанняў — толькі ў раёне грудзей стаіць яркі сіняк. Нам сказалі, што ў яго "адкрытая рана грудной клеткі", ён памёр ад страты крыві", — расказвае Алена ў інтэрв'ю Onliner.
У раёне станцыі метро "Пушкінская" з'явіўся народны мемарыял. Штодня людзі прыносяць кветкі і плакаты, каб ушанаваць памяць загінулага. 15 жніўня падчас развітання і пахавання Аляксандра Тарайкоўскага на скрыжаванні вуліцы Прытыцкага і праспекта Пушкіна прайшла масавая акцыя памяці. Мемарыял ужо пазначаны на "Яндэкс.Картах".
Па метазвестках аднаго з дасланых нам відэа Еўрарадыё ўдалося ўстанавіць дакладны час стрэлу ў Аляксандра Тарайкоўскага — 10 жніўня, 22:35.
Да таго часу сілавікі ў зялёнай форме ўжо кантралявалі скрыжаванне вуліцы Прытыцкага і праспекта Пушкіна.
Па версіі МУС, у мужчыны выбухнула ў руцэ неўстаноўленая выбуховая прылада. Аднак ніякіх доказаў гэтаму пакуль што не было прадстаўлена. На ўсіх наяўных відэа, якія знялі відавочцы, у руках у Аляксандра Тарайкоўскага нічога няма, нічога не выбухае, ён не робіць рухаў, якія можна было б інтэрпрэтаваць як кідок чагосьці ў бок сілавікоў.
Першае відэа, на якім відаць, як у бок Тарайкоўскага страляюць з шэрагу сілавікоў, было апублікавана яшчэ ўночы на 10 жніўня. Яно з'явілася ў 23:35 у тэлеграм-каналах, аднак прайшло незаўважаным у лавіне інфармацыі пра пратэсты.
11 жніўня апублікаваны ролік, зняты з акна шматпавярховіка. Відаць, як бяззбройны чалавек стаіць на пустой вуліцы Прытыцкага перад шэрагам сілавікоў. Далей — успышка стрэлу.
Другі ролік 15 жніўня даслалі ў рэдакцыю Еўрарадыё відавочцы здарэння, якія знаходзіліся недалёка ад месца гібелі.
На відэа Тарайкоўскі ідзе ў бок сілавікоў з паднятымі рукамі. У яго нічога няма ў руках. Ён нічога не кідае ў іх бок. Успышка стрэлу. Тарайкоўскі спыняецца і апускае рукі. Праз некалькі секундаў ён упадзе. Нічога не выбухае.
Яшчэ адно відэа 15 жніўня публікуе Associated Press. На яго не трапіў момант стрэлу. Яно знята з боку сілавікоў, відаць толькі іх спіны. Затое відаць мужчына ў белай майцы з крывавай плямай на грудзях, які падае на зямлю. Дэталі наваколля і ландшафту пацвярджаюць, што гэта ўсё адбываецца на скрыжаванні Пушкіна і Прытыцкага.
Яшчэ адно відэа даслалі ў рэдакцыю Еўрарадыё 3 верасня. Яно знята з боку кінатэатра "Аўрора" і з больш блізкай адлегласці, чым іншыя. Як і на відэа, якія публікаваліся раней, тут відаць, што ў Тарайкоўскага ў руках нічога няма.
На відэа ёсць і другі стрэл. Складана сказаць, ці зроблены ён у бок Аляксандра Тарайкоўскага або ў бок дэманстрантаў, якія знаходзіліся далей па вуліцы Прытыцкага. Страляе сілавік, які стаіць злева ад мужчыны. Пасля гэтага стрэлу Тарайкоўскі, на майцы якога ўжо відаць вялікая пляма крыві, падае.
У нашым роліку момант паўтараецца двойчы. Першы раз так, як гэта было знята. Другі — з павелічэннем і запаволеннем.
На наступны дзень пасля смерці Аляксандра Тарайкоўскага, 11 жніўня, у дзяржаўных СМІ з'явілася інфармацыя пра тое, што "загінулы падчас незаконных акцый у Мінску на вуліцы Прытыцкага 10 жніўня раней адбываў тэрмін за забойства чалавека". Пра гэта напісала інфармагенцтва БЕЛТА, АНТ і АТН (Агенцтва тэлевізійных навін, падраздзяленне Белтэлерадыёкампаніі. — Еўрарадыё).
Нагадаем, да таго моманту цела Тарайкоўскага яшчэ не было апазнана сваякамі. Ягоная жонка звярнулася ў Следчы камітэт 13 жніўня. Там ёй сказалі, што цела да гэтага часу не апазнана. Але калі ўжо 11 жніўня сілавікі перадалі журналістам дзяржаўных СМІ інфармацыю пра яго судзімасць, значыць, і яго асоба была ўстаноўлена. Чаму ж тады не звязваліся са сваякамі?
"У яго ёсць бацька, сястра. Чаму ім не паведамілі? У яго тэлефон быў, можна ж было ў тэлефоне паглядзець нумары, камусьці патэлефанаваць", — здзіўляецца Алена.
Што да судзімасці, то Аляксандр Тарайкоўскі быў асуджаны на сем гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці. Па словах жонкі, ён заступіўся за маці: "Яе збіў сужыцель, а ён заступіўся. Адседзеў увесь тэрмін, і неўзабаве судзімасць павінны былі з яго зняць".
16 жніўня, адказваючы на пытанні журналістаў пра гібель удзельніка пратэсту, міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што міліцыя не ўжывала лятальнай зброі супраць пратэстоўцаў:
"Так, ён [удзельнік акцыі] памёр, — сказаў Караеў. — Колькі людзей памерла на беспарадках у Амерыцы? Але мы не ўжывалі агнястрэльнай зброі, а толькі тую, якая з'яўляецца нелятальнай".
У паведамленні МУС згадваецца нейкі "спецназ". Conflict Intelligence Team — каманда, якая займаецца расследаваннем ваенных канфліктаў, — змагла апазнаць сярод сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў разгоне пратэстоўцаў на "Пушкінскай", — спецназ КДБ "Альфа" і спецназ МУС "Алмаз".
Іх форма адрозніваецца ад адзення іншых сілавікоў. Таксама яны па-іншаму экіпіраваныя і ўзброеныя: драбавікамі Benelli M4, гранатамётамі ГМ-94, рознымі мадыфікацыямі аўтамата Калашнікава.
Нямецкае прадстаўніцтва міжнароднай арганізацыі Greenpeace 28 жніўня заявіла, што спецыяльныя падраздзяленні, якія ўдзельнічаюць у жорсткіх задушэннях пратэстаў у Беларусі, выкарыстоўваюць зброю, вырабленую ў Германіі. Гаворка ідзе пра пісталеты-кулямёты MP5 вытворцы Heckler & Koch, а таксама пісталеты тыпу P226 ад Sig Sauer.
Форма сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў разгоне на "Пушкінскай", падобная да абмундзіравання байцоў "Альфы", якія затрымлівалі пад Мінскам наймітаў з "ПВК Вагнера". Відэа затрымання было апублікаванае за 12 дзён да гібелі Аляксандра Тарайкоўскага.
Разам з байцамі "Альфы" на скрыжаванні маглі прысутнічаць і спецназаўцы з "Алмаза": на спінах некаторых байцоў, якія былі заўважаны ў раёне "Пушкінскай" уночы з 10 на 11 жніўня, відаць надпіс МУС.
У Следчым камітэце Еўрарадыё расказалі, што з 11 жніўня па факце смерці Аляксандра Тарайкоўскага праводзіцца праверка. Яна можа працягвацца да трох месяцаў. Па стане на 11 верасня праверка працягваецца.
Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці мужчыны прызначана судова-медыцынская экспертыза, яе будуць праводзіць спецыялісты Дзяржкамітэта судовых экспертыз.
Вынікам праверкі можа стаць як завядзенне крымінальнай справы, так і адмова ў яе завядзенні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.
Падтрымаць незалежную журналістыку можна тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут