Правакатар Яўген "Какойта" можа папоўніць шэрагі палітвязняў

18/09/2024 - 19:49

Яўген Катляроў-"Какойта" / фота з яго старонкі ў Фэйсбуку

Па палітычных артыкулах будуць судзіць жыхара Гомеля Яўгена Катлярова (ён жа Яўген Какойта і Мікіта Канцавы), паведамляюць гомельскія праваабаронцы.

Гамельчуку 48 гадоў, да затрымання ён, мяркуючы па ўсім працаваў кіроўцам.

Яўген Катляроў пад псеўданім "Какойта" вядомы правакацыямі і спробамі ўкінуць дэзынфармацыю ў незалежныя медыя. Перыядычна яму ўдавалася даваць фэйкавыя інтэрв'ю "Белсату" і "Зеркалу". Таксама ён спрабаваў распаўсюджваць фэйкавыя гісторыі пра свае затрыманні. У ліпені 2020-га ён распаўсюдзіў фэйк, быццам Ціханоўскі трапіў у шпіталь.

9 жніўня 2020-га ён напісаў данос на журналіста Андрэя Толчына за супрацу з "Белсатам". (У 2023 годзе Толчына арыштавалі за працу аператарам, а на гэтым тыдні выпусцілі на волю па памілаванні.)

У 2021-м Катляроў даваў паказанні на праваабаронцу Леаніда Судаленку, быццам той арганізоўваў акцыі пратэсту ў Гомелі.

Аднак пасля сустрэчы з намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама Бараноўскім у лістападзе 2023-га "Какойта" напісаў, што "змагары мелі рацыю, уладу трэба дзяўбсці і дзяўбсці". У студзені 2024-га яго аштрафавалі, абвінаваціўшы ў "распаўсюдзе экстрэмізму".

У сакавіку 2024-га мужчына напісаў у адміністрацыю Лукашэнкі ліст з пытаннем, ці законна мець татуіроўку з Пагоняй — ён акурат набіў сабе такую. Пасля гэтага Катляроў заявіў, быццам ім зацікавіліся сілавікі і яму пагражае затрыманне.

Апошнія публікацыі ў сацсетках ён рабіў 21 сакавіка 2024 года, пасля чаго адусюль знік.

Суд над Катляровым прызначаны на 30 верасня. Яго вінавацяць па двух палітычных артыкулах — "дыскрэдытацыя Беларусі" (арт. 369-1 КК) і "абраза прадстаўніка ўлады" (ч. 1 арт. 369 КК). Правакатару пагражае да чатырох гадоў калоніі і штраф.

Гомельскія праваабаронцы ўжо заявілі, што прызнаюць Катлярова палітвязнем, калі яму прысудзяць пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі