Праваабаронцы прызналі палітвязнем Кардзюкова, асуджанага па "справе Шутава"

07/05/2021 - 15:37

Праваабаронцы прызналі палітвязнем брастаўчаніна Аляксандра Кардзюкова, асуджанага па "справе Шутава", піша праваабарончы сайт "Вясна".

Кардзюкова асудзілі на 10 гадоў, прызнаўшы вінаватым у замаху на забойства ў сувязі з ажыццяўленнем пацярпелым службовай дзейнасці і ў супраціве асобе пры выкананні ёй абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанага з выкарыстаннем гвалту.

Аляксандр Кардзюкоў быў разам з Генадзем Шутавым, калі таго застрэліў афіцэр сілаў спецыяльных аперацыяў. Як высветлілася пазней, у Брэсце падчас пратэстаў былі выкарыстаныя вайскоўцы, якіх адправілі ў горад са зброяй, але ў цывільнай вопратцы. Адзін з іх (у судзе быў названы як капітан Гаўрылаў) застрэліў Шутава пасля кароткага канфлікту. 

Кардзюкова прызналі саўдзельнікам Шутава. Асудзілі іх абодвух (Шутава — пасмяротна).

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што лічаць "недапушчальным і незаконным прыцягненне ваенаслужачых Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь для выканання неўласцівых ім паліцэйскіх функцый па падаўленні пратэстаў грамадзян краіны".

Яны лічаць, што крымінальны пераслед Кардзюкова і Шутава мог мець на мэце "дэманстратыўна жорсткае спыненне пратэстнай актыўнасці, апраўданне парушэння парадку нясення службы і прымянення зброі суб'ектамі сілавых ведамстваў"

Праваабаронцы адзначаюць, што ацэнка доказаў па розных аспектах справы праведзена павярхоўна і няпоўна альбо няправільна — з парушэннем прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці. Суд, на іх думку, не быў незалежным і бесстароннім. 

Яны патрабуюць неадкладна перагледзець прысуд Аляксандру Кардзюкову і вызваліць яго з-пад варты па-падпіску. 

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), РГА "Прававая ініцыятыва", "Ініцыятыва FORB", кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Х'юман канстанта", РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі ПЭН-цэнтр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі