Праваабаронцу Бандарэнку перад вызваленнем выставілі новае абвінавачанне

12/01/2017 - 14:11

За тры месяцы да вызвалення зняволенаму праваабаронцу Андрэю Бандарэнку выставілі новае абвінавачанне. Як піша праваабарончы сайт "Вясна", Бандарэнка вінавацяць у "злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”.

Калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. У выпадку асуджэння праваабаронцы "Вясны" гатовыя прызнаць Бандарэнку палітвязнем.

За час, які Бандарэнка знаходзіцца за кратамі, ёе атрымаў больш за дзясятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі. Праз гэта былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Платформа Інавэйшн" прызнаны злосным парушальнікам рэжыму.

Дарэчы, 11 студзеня на яго наклалі чарговае спагнанне — нібыта за тое, што ён не трымаў рукі за спінай. За гэта Бандарэнку пазбавілі чарговай пасылкі.

Цяперашні тэрмін зняволення Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі