Пракуратура адмовілася пачынаць крымінальную справу на Рыгора Азаронка

02/02/2021 - 07:28

Пракуратура не будзе пачынаць крымінальную справу на тэлепрапагандыста Рыгора Азаронка па заяве журналіста "Белсата" Ігара Ільяша. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе за подпісам пракурора Заводскага раёна Мінска А. Кулакоўскага, які Ільяш апублікаваў у Фэйсбуку.

Ільяш падаваў заяву з просбай правесці праверку і пачаць крымінальную справу за парушэнне таямніцы перапіскі (арт. 203 КК). Нагодай стаў сюжэт на тэлеканале СТБ, прысвечаны жонцы Ільяша журналістцы Кацярыне Андрэевай. У сюжэце Азаронак паказваў скрыншоты прыватнай перапіскі Ільяша з кіраўніком Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Сяргеем Таміленкам.

Камп'ютар і тэлефон Ільяша былі забраныя ў рамках крымінальнай справы супраць яго жонкі.

"Адказ пракуратуры па-свойму выдатны. Паведамляецца, што мая заява грунтуецца на здагадках і ў ёй няма прыкмет складу якога-небудзь злачынства.

Абарот "грунтуецца на здагадках" мне асабліва спадабаўся. Гэта значыць, на адным з найбуйнейшых дзяржтэлеканалаў у прайм-тайм апублікавалі маю асабістую перапіску. Гэта факт, які нельга аспрэчыць. І тут можа быць два магчымыя варыянты ацэнкі гэтага факту. Альбо пракуратура прызнае публікацыю маёй асабістай перапіскі абсалютна законнай. Альбо пачынае крымінальную справу за парушэнне таямніцы перапіскі. А спасылка на тое, што мая заява "заснаваная на здагадках" — гэта наогул як? Гэта значыць, пракуратура не ўпэўненая, што апублікаваная на СТБ перапіска належыць мне? Ці можа быць яны не выявілі доказаў існавання праграмы Азаронка "Таемныя спружыны палітыкі"?" — іранізуе журналіст.

Ён звяртае ўвагу, што такі адказ з пракуратуры прыйшоў на фоне таго, што ўлады рыхтуюцца ўзмацніць крымінальную адказнасць за "незаконны збор або распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці". 

"Зразумела, прынцып абароны прыватнага жыцця на іншадумцаў у Беларусі не распаўсюджваецца. Класічны прыклад прававой сегрэгацыі", — канстатуе Ільяш.

Жонку Ільяша Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і аператарку "Белсата" Дар'ю Чульцову затрымалі 15 лістапада, калі яны вялі жывы рэпартаж з "Плошчы Перамен". Іх будуць судзіць па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Суд прызначаны на 9 лютага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

To see this content visit the full version of this page.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі