“Працуем, пакуль праверак няма”. Што робіцца на "Жданах" (фота)

21/03/2016 - 10:23

Раніцай суботы 19 сакавіка на сталічных "Жданах" шматлюдна. Хапае і гандляроў, і пакупнікоў — электрычка з цэнтра пад’язджае да перона амаль цалкам запоўненай. Людзей на рынку відавочна больш, чым год таму, калі іпэшнікі толькі пачыналі пратэставаць. Калі вулічныя боксы працуюць не ўсе (усё ж яшчэ зіма, холадна), то павільёны ў крытым рынку адчыненыя амаль усе, і вычапіць занятых пакупнікамі гандляроў для невялікай размовы даволі складана. Даводзіцца самому прыкідвацца кліентам.

Распродажаў заўважна паменела. Калі яшчэ восенню кожны другі іпэшнік гатовы быў аддаваць тавар са зніжкай 50% ці нават 70%, то цяпер максімум — пара пальчатак “па смачнай цане” за 250 тысяч. “Астаткі распрадалі, цяпер новы тавар, ужо з дакументамі”, — гавораць прадпрымальнікі. Надпіс “павільён не працуе ў сувязі з пераафармленнем дакументаў”, такі папулярны яшчэ два месяцы таму, цяпер на "Жданах" амаль не трапляецца — адзінкавыя выпадкі.

Валянціна, гандлюе на "Жданах" з сярэдзіны 90-х:

“Ну, працуем, што рабіць. Я прадавец у іпэшніка, старога знаёмага. Некалі сама вазіла тавар, цяпер толькі прадаю. Ён сам рабіў усе дакументы, я не ведаю нюансаў. Але зрабіў, мы не закрываліся. Толькі ў студзені не працавалі, глядзелі, што будзе. Цяпер вышлі. Пакупнікоў мала, тавар разыходзіцца слаба. Але іх і раней мала было”.

 

Андрэй, на рынку ў Ждановічах гандлюе джынсамі “каля 5 гадоў”:

“Пакуль праверак няма, працую. Я зрабіў дакументы, тавар падаражэў у выніку, вы ж разумееце. Толькі я баюся, што праверка ўсё адно знойдзе парушэнні. Яны калі прыходзяць, то пастаянна знаходзяць нешта. Тым больш што ніхто дакладна не скажа, якія ў выніку дакументы трэба мець і ці хопіць таго, што ёсць. Яны самі не ведаюць, што мы павінныя ім паказваць і калі”.

 

Вольга, тавар у Мінск возіць сама “з Масквы”:

“Пакупнікоў няма, у людзей грошай мала. Цяпер крыху больш людзей — вясна, патрэбная вопратка на новы сезон, на лета. Людзі прыцэньваюцца, але каб кідаліся купляць, то не скажу. Чаму я выйшла? Ну а што рабіць? За што жыць? Пастаю тут, зараблю хоць нешта. Працы няма іншай, цяпер цяжка знайсці. Што яны адменяць указ №222, я не веру”.

 

Ірына, гандлюе абуткам у павільёне сяброўкі:

“Нічога не адменяць. Людзі ўжо павыходзілі працаваць. Тут, на Ждановічах, дык дакладна. Паглядзіце самі, усе павільёны адкрытыя амаль. Працуем, а што рабіць? Калі я дома буду сядзець, грошай у мяне больш не стане. Як пачнуцца праверкі і пойдуць штрафы, то, можа, і закрыемся. А так пакуль іх няма — працуем. Жыць неяк трэба”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі