Пошукі зніклых беларускіх альпіністаў у Кыргызстане спынілі праз снегапад

12/08/2026 - 13:22

Альпіністы зніклі без вестак на вяршыні Курумды / фота з архіву Ганны Бандарэнка

У Кыргызстане спынілі пошукі зніклых беларускіх альпіністаў. У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях краіны кажуць, што аднавіць пошука-выратавальную аперацыю змогуць, калі палепшацца ўмовы надвор’я, перадае Радыё Свабода.

Дроны, пры дапамозе якіх шукаюць альпіністаў не могуць падняцца над гарой праз кепскую бачнасць.

Ганна Бандарэнка, дачка зніклага Мікалая Свірыдава, у інтэрв'ю беларускім дзяржаўным СМІ расказала, што размаўляла з бацькам у дзень яго ад’езду з Салігорску. Тады ён прапанаваў падтрымліваць далейшую сувязь праз жонку ягонага напарніка Максіма Палянскага.

"Настрой у іх пасля пад'ёму быў пазітыўны. Ні пра якія ўскладненні не казалі. Больш ён не тэлефанаваў", — кажа дачка альпініста. Яна спадзяецца, што бацька з напарнікамі схаваліся ад непагадзі ва ўкрыцці.

Паводле яе, пошукі спынілі яшчэ 9 жніўня, калі пачаўся снегапад. Да пошукаў акрамя ратаўнікоў і валанцёраў падключаюцца іншыя беларускія альпіністы, якія знаходзяцца недалёка.

Пра знікненне групы альпіністаў стала вядома 9 жніўня. 43-гадовы Максім Палянскі, 60-гадовы Мікалай Свірыдаў і 37-гадовы жыхар Літвы Сяргей Рубцоў падняліся на пік Курумды 1 жніўня. Спуск яны намецілі на 2 жніўня — і гэта быў іх апошні дзень выхаду на сувязь. На кантрольны пункт, дзе іх чакалі 4 жніўня, альпіністы так і не з'явіліся.

Кыргызскія ратавальнікі знайшлі намёт альпіністаў, аднак унутры нікога не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі