Польшча адмаўляецца плаціць штодзённы штраф 500 тысяч еўра, які прызначыў Суд ЕС

25/09/2021 - 12:04

Польшча не абавязаная выконваць пастанову намесніка старшыні Суда ЕС пра штодзённыя выплаты штрафу ў 500 тысяч еўра. Пра гэта заявіў прэзідэнт краіны Анджэй Дуда, перадае "Польскае радыё".

Па словах Дуды, гэтае рашэнне было прынятае аднаасобна і падрывае сэнс функцыянавання Суда Еўрасаюза.

Польшча адмаўляецца спыняць здабычу бурага вугалю на шахце "Туруў" каля польска-чэшскай мяжы. Чэхія падала ў Суд ЕС пазоў, указваючы на шкоду навакольнаму асяроддзю — у тым ліку ў самой Чэхіі. Таксама Чэхія запатрабавала прыпыніць здабычу вугалю ў "Туруве". 

20 верасня намесніца старшыні Суда Еўрасаюза Расарыё Сільва дэ Лапуэрта абавязала Польшчу выплачваць штраф Еўракамісіі — па 500 тысяч еўра за кожны дзень, пакуль будзе працягвацца здабыча вугалю на шахце "Туруў".

Гэтая шахта — найбуйнейшы працадаўца ў рэгіёне. Вугаль паступае на суседнюю электрастанцыю. Дзякуючы вуглю "Турува" вырабляецца да 7% усёй электраэнергіі Польшчы.

"Мы проста не ў стане спыніць гэтую здабычу вугалю, бо гэта абмяжуе нашы запасы электраэнергіі. Магчыма, гэта было зроблена для таго, каб мы куплялі энергію ў Германіі", — пракаментаваў рашэнне Суда ЕС польскі прэзідэнт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі