Платныя працэдуры пры бясплатнай медыцыне зацверджаныя Мінздароўя

13/06/2017 - 16:11

У сеціве паніка: у паліклініках фізіяпрацэдуры сталі платнымі, а яшчэ зацверджаны квоты на бясплатныя УГД і аналізы! Маўляў, права на бясплатную медыцыну — усё?


"У раённых паліклініках фізіяпрацэдуры па прызначэнні ўчастковага тэрапеўта сталі платнымі? З чаго раптам? Чалавек прыйшоў "на лазер", прызначаны тэрапеўтам тыдзень таму, і заплаціў нешта каля 13 рублеў за 10 працэдур. Натуральна, у момант прызначэння ні пра якую аплату размова не ішла. Дарэчы, знаёмы распавёў, што з аналагічнай праблемай сутыкнуўся сёння таксама — у іншай паліклініцы зацверджаны квоты на бясплатныя УГД — колькі разоў на год можаш зрабіць, аналізы", — пішуць у фэйсбуку.


У сталічнай паліклініцы №12 Еўрарадыё запэўніваюць, што УГД робіцца, як звычайна:

"Падыходзіце да тэрапеўта, ён вас ставіць на чаргу. Але чарга можа быць і тры, і чатыры месяцы. А платна можаце гэта хоць заўтра. Вось і ўсё".


У Бараўлянскай паліклініцы таксама ніякага загаду пра абмежаванне на бясплатныя медыцынскія паслугі не паступала:

"Калі жывяце ў Бараўлянах, прапісаныя тут, не трэба нічога плаціць".


У паліклініцы №29, у якой і апынуўся "платны" лазер, тлумачаць, што сапраўды ёсць шэраг платных працэдур:

"Платны лазер, масаж, водныя працэдуры. Гэта даўно платнае. Але ёсць і бясплатныя. УГД платнае? Ну так, раз на год па паказаннях бясплатнае, астаняе — платна. Ідзіце да доктара на прыём, ён вам усё растлумачыць”.


На пытанне Еўрарадыё, чаму пры бясплатнай беларускай медыцыне дактары выпісваюць хворым платныя фізіяпрацэдуры, галоўны доктар паліклінікі спасылаецца на "мінімальныя сацыяльныя стандарты".


Галоўны тэрапеўт Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Капусцінская тлумачыць, што лазер — толькі платная працэдура:


"Ёсць шэраг працэдур, якія не ўваходзяць у пратаколы лячэння, зацверджаныя Міністэрствам аховы здароўя. Да іх адносіцца і лазер. Яны могуць рэкамендавацца доктарам, але выконваюцца на платнай аснове. То бок, на аснове дыягназа складаецца пратакол лячэння і абследаванне. Усё, што ўключана ў пратакол, усё робіцца бясплатна. Усё, што дадаткова, усё платна. Пры згодзе пацыента".


Нават калі пацыент хоча зрабіць дадатковае абследванне без накіравання доктара, яно будзе платным. Маюцца на ўвазе і аналізы, і УГД, і флюараграфія.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі