Плакаты SOS! у вокнах мінскай кватэры: што там адбываецца?

04/05/2020 - 16:07
Плакат SOS! на Варанянскага, 3 / Еўрарадыё

Людзі заўважылі плакаты SOS! у вокнах дома па вуліцы Варанянскага, 3 у Мінску. Просьба аб дапамозе напісана вялікімі літарамі і відаць здалёк. Што адбываецца ў гэтай кватэры на першым паверсе?

Калі падысці да вокнаў ушчыльную, можна ўбачыць некалькі сшыткавых аркушаў, на якіх (дарэчы, на добрай беларускай мове) няроўным почыркам сцісла выкладзена сутнасць праблемы.

“Пакуль камунальныя службы не ліквідуюць працяканне кіпятка з труб у склепе пад намі, запарванне-завоньванне нашых жылых пакояў, вільгаць са склепа, мы, інваліды 1-й і 2-й груп, вымушаны сігналам “SOS” прасіць аб дапамозе. Мы задыхаемся, хварэем, пакутуем...”

Еўрарадыё паспрабавала трапіць у кватэру і пагутарыць з гаспадарамі. Але тыя не сталі адчыняць. Размаўляць давялося праз акно. І рэч не ў пандэміі каранавіруса.

Валянціна Сацукевіч / Еўрарадыё

З акна першага паверха на нас глядзіць жанчына старога ўзросту. Завуць яе Валянціна Сацукевіч. Па яе словах, у пад'ездзе ўжо каторы год стаіць смурод, прычыну якога яна звязвае з каналізацыяй, якая пастаянна ламаецца. Маўляў, гарачыя і халодныя трубы ўвесь час выходзяць са строю, пара падымаецца з падвала — адсюль і рэзкі пах, і вільготнасць у кватэры, якая знаходзіцца на першым паверсе ў куце проста над трубамі.

Валянціна Сацукевіч — хімік-біёлаг, кандыдат навук, у мінулым выкладчыца БДУ. Яна інвалід другой групы. Яна жыве ў адной кватэры са сваёй дачкой Ірынай, інвалідам першай групы. Па размеркаванні Ірына трапіла ў Гомельскую вобласць, працавала ў Чарнобыльскай зоне. Вярнулася інвалідам з цэлым "букетам" хвароб.

Гасцей у кватэру Валянціна Браніславаўна не пускае праз тое, што дачка нервова рэагуе на старонніх людзей.

Адказвае за эксплуатацыю дома ЖЭУ-1 Кастрычніцкага раёна Мінска. Як сцвярджае Валянціна Браніславаўна, звароты да камунальнікаў вынікаў не прыносяць.

— Службы, напэўна, не заўсёды правяраюць стан труб. Трубы часта цякуць, назапашваецца вада, пачынаецца смурод. Мы гэты непрыемны пах адчуваем часта і яўна, а Валянціна ж жыве на першым паверсе, — расказвае суседка з другога паверха. — Мы тэлефануем у службы. Рэакцыя не заўсёды хуткая. Бывае, тыднямі ходзім і церпім. Пакуль усім не надакучыць, калі ўжо пачынаем скандаліць і лаяцца, тады ўжо прыходзяць і пачынаюць нешта рабіць.

 

Чаму праблема не вырашаецца?

У ЖЭУ-1 сцвярджаюць, што праблема — не ў падвале дома.

— На гэтыя SOS рэагавала і адміністрацыя раёна, і УУС, і цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, туды выходзілі ўжо неаднойчы. Там ідэальны сухі падвал. Пад кватэрай Валянціны Сацукевіч знаходзіцца цеплавы вузел, які таксама ў ідэальным стане, — расказвае начальнік ЖЭУ.

— Але гэта праблема не толькі ў адной кватэры, скардзяцца і іншыя жыхары.

— Пах у пад'ездзе пачынаецца праз ненатуральныя засоры каналізацыі. Засор ліквідуецца, але пах яшчэ нейкі час застаецца.

— Работнікі праблему ліквідуюць, але яна з'яўляецца зноў і зноў. Чаму?

— Дом мае такую планіроўку. Такія праекты, што зробіш. Падвал мы абследавалі, там праблемы няма. Да сябе ў кватэру яна нас не пускае. У рамках таго, што мы маглі зрабіць для гэтай жанчыны, мы, напэўна, зрабілі ўсё.

— Жыхары таксама скардзяцца на дрэнную якасць прыборкі.

— Хаваць не буду: з прыборкай ёсць праблемнае пытанне праз кантынгент людзей, якія займаюцца прыборкай. Ёсць дворнікі, якія атрымліваюць 1500 рублёў, а ёсць тыя, хто атрымлівае і 100 рублёў.

— Адкуль такая разбежнасць у заробку?

— Чалавек прыходзіць два дні ў тыдзень на работу, прыходзіць п'яны. Звольніць мы такіх работнікаў не можам — і зрабіць нічога з імі не можам, згодна з дэкрэтам №18 мы іх абавязаны ўтрымліваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі