Перамоваў не будзе? Якія вынікі візітаў Уіткафа і Кушнера ў Маскву і Кіеў

07/09/2026 - 17:38

Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер перад ад'ездам з Кіева / @UkrzalInfo

Спецпасланнікі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер упершыню прыехалі ў сталіцу Украіны 6 верасня. Днём раней яны былі ў Маскве, куды Уіткаф прыязджаў ужо восем разоў, а Кушнер — тры. На працягу некалькіх дзён паміж краінамі, якія ваююць, нават выконваўся рэжым спынення паветраных удараў, але толькі па сталіцах і толькі на час знаходжання там амерыканцаў.

Ці ўдалося дамагчыся доўгатэрміновага спынення агню? Еўрарадыё расказвае, чым скончыліся гэтыя паездкі.

У Кіеве

Звычайна замежныя госці прыязджаюць ва Украіну на цягніку. Гэты раз не стаў выключэннем, хоць павінен быў. Для Кушнера і Уіткафа рыхтавалі сустрэчу ў аэрапорце, куды яны павінны былі прыляцець непасрэдна з Масквы. Але такому прыёму перашкодзілі расійскія абстрэлы, у выніку якіх пацярпела інфраструктура.

Тым не менш дыпламаты спакойна даехалі да ўкраінскай сталіцы на “Мірным экспрэсе” — так на табло называўся цягнік, на якім амерыканцы прыехалі з польскага Жэшува.

На вакзале іх сустрэлі кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Будаў, кіраўнік Службы знешняй разведкі Украіны Рустэм Умераў і кіраўнік фракцыі прэзідэнцкай партыі “Слуга народа” ў Вярхоўнай радзе Давід Арахамія. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з дэлегацыяй ужо ў цэнтры горада.

Як паведамляла hromadske, перамовы ў Кіеве ўключалі тры раўнды: да другога далучыліся дарадцы па нацыянальнай бяспецы краін ЕС — Германіі, Францыі і Вялікабрытаніі, — якія таксама прыбылі ў Кіеў разам з Уіткафам і Кушнерам.

У працэсе перамоваў амерыканскі бок падкрэсліваў, што прэзідэнт ЗША хоча “не толькі скончыць вайну, але і стварыць умовы для доўгатэрміновага міру”. У СМІ пісалі, што дэлегацыя прывезла і ў Маскву, і ў Кіеў “абноўленыя варыянты плана”.

Джарэд Кушнер заявіў у Кіеве, што іх дэлегацыя пачула ў Маскве “новыя ідэі, якія раней не спрацавалі”, і расказала пра іх прадстаўнікам Украіны.

Перамовы ў Кіеве / Офіс прэзідэнта Украіны

Публічна ж ніводная з гэтых ідэй не была агучана. Дыпламаты чакаюць вяртання да трохбаковага фармату перамоваў.

Зяленскі расказаў, што падчас сустрэчы была магчымасць абмеркаваць усё: і спыненне агню, і эканамічныя гарантыі бяспекі для Украіны, і выклікі пасля заканчэння вайны.

Але, у адрозненне ад амерыканскага боку, які прыехаў з надзеяй дасягнуць пералому ў ходзе вайны да наступлення зімы, украінскі прэзідэнт лічыць, што, хутчэй за ўсё, баявыя дзеянні будуць працягвацца.

Асобна ён казаў пра супрацьпаветраную абарону для Украіны. Пасля жарту пра тое, што амерыканская дэлегацыя спрацавала лепш за “Пэтрыёты”, Зяленскі падкрэсліў важнасць паставак гэтых сістэм, а таксама закрануў пытанне выклікаў, якія чакаюць краіну зімой. Украінскі прэзідэнт спадзяецца, што аб’ём паставак сістэм Patriot павялічыцца, бо ЗША нарошчваюць іх вытворчасць.

Перамовы ў Маскве

Гэты настрой бачны і ў роліку, які апублікаваў Крэмль, з фрагментам выступлення Пуціна ў пачатку перамоваў. У ім ён тлумачыць Уіткафу і Кушнеру, што Расія не пагадзілася на часовае спыненне агню па ўсёй лініі фронту, таму што ўкраінскія ўлады вылучылі адпаведную прапанову ў абыход афіцыйных каналаў абмену інфармацыяй.

Яшчэ адна цікавая акалічнасць: на перамовах, але ўжо без Пуціна, прысутнічаў намеснік міністра фінансаў ЗША Джын Ланге, які займае пасаду “кіраўніка санкцыйнага аддзела”. Зыходзячы з гэтага, у медыя выказалі здагадку, што адным з элементаў прапаноў Трампа можа быць змякчэнне санкцый у дачыненні да Расіі.

Украінскі палітолаг Уладзімір Фясенка на канале “Вот так” скептычна выказаўся пра далейшае развіццё трохбаковых перамоваў.

— Чаму ў Маскве адчуваюць сябе так упэўнена? Яны бачаць слабасць ЗША: і ў вайне з Іранам, і перамоўную слабасць. Яны бачаць праблемы, звязаныя з некаторымі відамі ўзбраення, што, на жаль, аслабляе пазіцыі Украіны. Я маю на ўвазе ракеты-перахопнікі для сістэм СПА Patriot. І Масква спадзяецца, што некаторыя перавагі ў ваенных рэсурсах, асабліва ў балістыцы,гэта іх вырашальны фактар у вайне. Таму Масква цяпер не мае намеру разглядаць кампрамісныя варыянты. І Зяленскі гэта разумее, — сказаў палітолаг.

На думку Фясенкі, спроба правесці перамовы заслугоўвае ўхвалення, “але калі ЗША будуць гуляць па маскоўскіх правілах, то руху наперад не будзе”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі