Палітыка затрымалі ў пятніцу, калі ён спрабаваў размаўляць з рабочымі, якія ўсталёўвалі агароджу ў Курапатах на месцы знесеных крыжоў. Севярынец вёў стрым у Facebook і спрабаваў дастукацца да сумлення рабочых (яны працавалі пад аховай людзей у цывільным). У выніку яго затрымалі. Палітыка абвінавацілі ў тым, што ён "перашкаджаў будаўнікам", "крычаў" і "хапаў іх за рукі" ды "не рэагаваў на заўвагі". Таксама на яго быў складзены пратакол аб не падпарадкаванні патрабаванням палкоўніка Сяргея Удодава з Мінскага РУУС "праследаваць у службовы аўтамабіль". З 5 красавіка Павел Севярынец заставаўся за кратамі.
У судзе Севярынец абвінавачанні не прызнаў, назваў хлуснёй заявы "палкоўніка Удодава, які рвецца ў генералы". Таксама ён заяўляў адвод суддзі, але той адхіліў хадайніцтва ды адмовіўся весці працэс на беларускай мове.
У панядзелак суд Мінскага раёна аштрафаваў на 1275 рублёў 72-гадовую Ніну Багінскую, якая таксама была затрыманая ў пятніцу ў Курапатах. Жанчына тры дні галадала за кратамі. Вольга Мікалайчык была аштрафаваная на 892,5 рубля.
Суд над Максімам Вінярскім адклалі на 9 красавіка. Калі будуць судзіць Мікалая Статкевіча, пакуль невядома.