Павел Латушка / Еўрарадыё
Раніцай другога верасня праўладны тэлеграм-канал "Жёлтые СЛИВЫ", а за ім і іншыя ТГ-каналы з сеткі ўлад напісалі, што сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка ўцёк у Польшчу. Маўляў, экс-міністра культуры "ў літаральным сэнсе вывезлі за мяжу ў багажніку аўтамабіля польскага амбасадара".
Еўрарадыё звязалася з Паўлам Латушкам. Аказалася, ён сапраўды ў Польшчы.
— Я на эканамічным форуме ў польскай Крыніцы-Гурскай. Гэта міжнародны эканамічны форум, найбуйнейшы ў Цэнтральнай Еўропе, у якім удзельнічаюць кіраўнікі найбуйнейшых кампаній Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, — каментуе Павел. — Я ўжо прымаў удзел у гэтым форуме ў якасці пасла Беларусі ў Польшчы.
Ні ў якім багажніку я мяжы не перасякаў, я перасек яе афіцыйна, праз памежны пераход "Баброўнікі — Бераставіца", пра што маю адпаведны штамп у пашпарце. У Беларусь вярнуся пасля завяршэння форуму.
Акрамя ўдзелу ў форуме, у Латушкі запланаваныя сустрэчы ў Варшаве: ва ўрадзе Польшчы, у Міністэрстве замежных спраў, з дэпутатамі польскага парламента і прадстаўнікамі беларускай дыяспары.
— Запланаваная таксама мая паездка ў Вільню, дзе я планую сустрэцца з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў, з дэпутатамі літоўскага парламента, таксама з дэпутатамі гэтых краін у Еўрапарламенце.
Таксама я планую абмеркаваць далейшую дзейнасць нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы ў адной з еўрапейскіх краін у сувязі са звальненнем амаль усёй трупы, — дадае Павел Латушка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.