Патоцкі: Я ўжо прызвычаіўся, што аб'ектыўнасці я ў Беларусі не знайду.

11/10/2015 - 16:54

Міхал Патоцкі, польскі журналіст з штодзённіка Dziennik Gazeta Prawna распавёў у эфіры Еўрарадыё пра розніцу паміж нашымі выбарчымі кампаніямі.

“Вельмі цяжка параўноўваць гэтыя выбары ў Беларусі з польскімі, бо там ідзе сапраўдная барацьба паміж сіламі, дзе немагчыма прадбачыць вынік. Як напрыклад сёлета было сюрпрызам, хто перамог. Гэта самая вялікая розніца, бо цяжка чакаць, што ў Беларусі пераможа нехта іншы”.

Таксама Патоцкі распавёў, што тут лягчэй дагукацца да альтэрнатыўных кандыдатаў, чым у Польшчы, бо там яны больш занятыя сваімі кампаніямі. У Беларусі наадварот і для журналістаў плюс. Большая праблема з беларускімі чыноўнікамі. Яны вельмі закрытыя для замежных журналістаў, цяжка іх угаварыць даць інтэрв'ю.

Безумоўна, у альтэрнатыўных кандыдатаў няма грошай на кампанію, кажа журналіст. У Польшчы для ўсіх кандыдатаў выдзяляюцца вялікія грошы на кампанію і рознага кшталту мерапрыемствы. Тут у кандыдатаў сродкаў няма, таму не было бачна ніводнай агітацыі.

“Я быў адзін дзень у туры Таццяны Караткевіч у Гомельскай вобласці. На сустрэчу прыйшло вельмі мала людзей. Хутчэй за ўсё яны проста не ведалі, бо няма грошай на распаўсюджванне інфармацыі”. 

Таксама Міхал Патоцкі закрануў праблему сацыялагічных апытанняў перад выбарамі, бо ў Беларусі гэтых даследаванняў фактычна няма.

“На жаль, я ўжо прызвычаіўся, што аб'ектыўнасці я ў Беларусі не знайду. Гэта вялікая розніца ў параўнанні з Польшчай. У нас амаль штодзённа праводзяцца соцапытанні, па якіх можна назіраць як змяняецца электарат, за каго яны хочуць галасаваць. Гэтыя апытанні заўсёды робяцца самымі галоўнымі навінамі за розных рэсурсах”.

Польскія чытачы зараз цікавяцца ўсходнімі суседзямі. З большага, гэта звязана з расійска-украінскай вайной. Безумоўна, цікавяцца больш Украінай, чым Беларуссю, але інтарэс да тутэйшых выбараў ёсць.

“Самае цікавае назіраць, што будзе з камандай Караткевіч пасля выбараў. Ці дапусцяць іх у парламент. Думаю, што назіраць за парламенцкімі выбарамі будзе цікавей, чым за прэзідэнцкімі”.

Яшчэ польскі журналіст дадаў, што ён не чакае значных навінаў пасля гэтых выбараў. З аднаго боку, добра зразумела, хто пераможа, з іншага — не чакае пратэстаў, як на мінулых выбарах, кажа Патоцкі.

“Магчымыя змены ў польска-беларускіх стасунках. Але гэта будзе залежаць не ад выніку выбараў, а хутчэй за ўсё ад разгону на Плошчы, безумоўна, калі ён адбудзецца”, — адзначыў польскі журналіст.

Фота: goldenline.pl

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі