Пасля сустрэчы Ціханоўскай з кіраўніком армянскага МЗС Арменіі перадалі ноту

21/06/2024 - 16:23

Нікол Пашынян / Reuters

МЗС РБ перадаў Арменіі ноту. Адбылося гэта на наступны дзень пасля сустрэчы кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай з кіраўніком армянскага МЗС. У паведамленні МЗС РБ пра гэтую ўзаемасувязь наўпрост не гаворыцца. Адзначаецца, што начальнік упраўлення двухбаковага супрацоўніцтва з краінамі СНД Сяргей Малуноў і часовы павераны ў справах Арменіі ў Беларусі Нарэк Тыратуран "абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў двухбаковых адносін, перспектывы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне ў сумесных інтэграцыйных структурах".

Відаць, гаворка ішла і пра выказванні прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, які 13 чэрвеня заявіў, што ні ён, ні іншы армянскі чыноўнік не наведае Беларусь, пакуль ва ўладзе ў краіне застаецца Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама лічыць, што Лукашэнка як "адзін з кіраўнікоў АДКБ" павінен папрасіць прабачэння за тое, што "жадаў перамогі Азербайджана" ў канфлікце ў Нагорным Карабаху. Ерэван тады адклікаў з Беларусі армянскага пасла. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў адказ адклікаў свайго пасла з Арменіі для кансультацый.

Міністэрства замежных спраў Арменіі накіроўвала ў Мінск ноту пратэсту. Нагодай стаў каментар беларускага МЗС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі